Праўленнем Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб далейшым павышэнні стаўкі рэфінансавання — 1 верасня яна павялічваецца на 5 працэнтных пунктаў і складзе 27% гадавых.

Такое павелічэнне стаўкі рэфінансавання «абумоўлена неабходнасцю ўзмацнення грашова-крэдытнай палітыкі для стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку і зніжэння інтэнсіўнасці росту цэн».

Акрамя таго, як чакаюць у Нацбанку, павышэнне стаўкі рэфінансавання дазволіць павялічыць памер кампенсацыі ўкладчыкам выдаткаў, звязаных з інфляцыйнымі працэсамі, а таксама стане дадатковым фактарам стрымлівання росту грашовай прапановы.

«У межах распрацаванага плана па выхадзе на адзіны курс беларускага рубля і сацыяльнай абароны насельніцтва Нацыянальны банк сумесна з урадам прадоўжыць правядзенне скаардынаванай палітыкі для забеспячэння эканамічнай і фінансавай стабілізацыі ў краіне», — гаворыцца ў паведамленні галоўнага банка краіны.

Гэта ўжо восьмае з пачатку года павышэнне стаўкі рэфінансавання.
Раней яна павялічвалася 16 сакавіка (з 10,5 да 12%), 20 красавіка (да 13%), 18 мая (да 14%), 1 чэрвеня (да 16%), 22 чэрвеня (да 18%), 13 ліпеня (да 20%) і 17 жніўня (да 22% гадавых).

Варта адзначыць, што асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2011 год было прадугледжана зніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца года да 8–10% гадавых.

У красавіку першы намеснік кіраўніка Нацбанка Мікалай Лузгін заяўляў, што ўзровень стаўкі будзе фарміравацца не толькі з улікам фактычных, але і чаканых тэмпаў інфляцыі. Паводле даных Белстата, рост спажывецкіх цэн у Беларусі склаў у ліпені 3,5%, за студзень-ліпень 2011 года — 41%.

***

Стаўка рэфінансавання з’яўляецца інструментам грашова-крэдытнага рэгулявання, пры дапамозе якога Нацбанк уздзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі па дэпазітах юрыдычных і фізічных асоб і крэдытах, што выдаюць ім крэдытныя арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?