У новым 79-м сезоне Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета прадставіць сем прэм’ер. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка 30 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, 9 і 12 верасня першай прэм’ерай сезона стане камічная опера «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні (дырыжор-пастаноўшчык — Джанлука Марчыяна, рэжысёр — Міхаіл Панджавідзэ, мастак — Аляксандр Касцючэнка, хормайстар — Ніна Ламановіч, мастак па касцюмах — Элеанора Грыгарук).

Як расказаў Міхаіл Панджавідзэ, спектакль пастаўлены ў жанры камедыі дэль-артэ, які дапускае гратэскавае перабольшанне чалавечага характару. Ад акцёраў гэты жанр патрабуе «складанага сцэнічнага існавання», не толькі выдатных вакальных, але і акцёрскіх даных. На першых паказах спектакля галоўныя ролі выканаюць: Граф Альмавіва — Юрый Гарадзецкі, Разіна — Таццяна Гаўрылава, Фігаро — Станіслаў Трыфанаў.

Джанлука Марчыяна ў сваю чаргу адзначыў, што дзякуючы сур’ёзнай працы акцёраў і музыкантаў у Беларусі ўдалося паставіць выдатную оперу італьянскага кампазітара так, як яна задумвалася, — «у стылі Расіні». Такія пастаноўкі звычайна характэрныя для Італіі.

Як паведаміў Уладзімір Грыдзюшка, у лістападзе тэатр прадставіць прэм’еры балетаў «Шахеразада» і «Тамар» са спадчыны «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева. Іх пастаноўку на беларускай сцэне ажыццяўляе вядомы танцоўшчык і харэограф, народны артыст Расіі Андрыс Ліепа.

У снежні адбудзецца прэм’ера яшчэ адной італьянскай оперы — «Лючыя ды Ламермур» Гаэтана Даніцэці.

У першай палове 2012 года тэатр падрыхтуе прэм’еры балетаў «Жызэль» Адольфа Адана ў пастаноўцы народнага артыста СССР Мікіты Далгушына і «Анюта» Валерыя Гаўрыліна ў пастаноўцы народнага артыста СССР Уладзіміра Васільева.

Апошняй прэм’ерай сезона стане опера «Турандот» Джакома Пучыні у новай сцэнічнай версіі Міхаіла Панджавідзэ.

Акрамя таго, пры спрыяльным збегу акалічнасцяў магчыма рэканструкцыя спектакля «Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага.

Паводле слоў Грыдзюшкі,

кошт білетаў на спектаклі тэатра будзе вагацца ад 7 тыс. (на месцы з абмежаванай бачнасцю) да 80 тыс. рублёў.
У новым сезоне цэны на білеты не павышалі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?