Група брытанскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам двух нобелеўскіх лаўрэатаў расійскага паходжання Андрэя Гейма і Канстанціна Навасёлава адкрыла спосаб прымянення адкрытага імі новага матэрыялу графену для значнага павелічэння хуткасці працы Інтэрнэту.

На думку вучоных, ужыванне графену ў абсталяванні сувязі можа павялічыць хуткасць перадачы дадзеных у дзясяткі і нават сотні разоў.

Вынікі даследавання навукоўцаў з Манчэстэрскага і Кембрыджскага ўніверсітэтаў былі апублікаваныя ў часопісе «Нэйчур кам’юнікейшн».

Графен уяўляе сабой двухмерны крышталь

 — плёнку вугляроду таўшчынёй у адзін атам. Ён валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі, якія, на думку навукоўцаў, могуць зрабіць гэты матэрыял асновай будучай нанаэлектронікі. За адкрыццё графену Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёлаў, якія працуюць у Манчэстэрскім універсітэце, атрымалі ў 2010 годзе Нобелеўскую прэмію па фізіцы.

Дзякуючы высокай хуткасці і мабільнасці электронаў графен можа быць выкарыстаны для стварэння сетак перадачы дадзеных, якія будуць у сотні разоў хутчэйшыя, чым цяперашнія валаконна-аптычныя сеткі.

Навукоўцы лічаць, што графен можа стаць матэрыялам для стварэння новага пакалення фотадэтэктараў. Гэтыя прылады, якія пераўтвараюць светлавы сігнал у электрычны, выкарыстоўваюцца ў сістэмах оптыка-валаконнай сувязі, якія служаць для перадачы дадзеных праз Інтэрнэт.

Да гэтага часу перашкодай для падобнага прымянення графену лічылася тое, што гэты матэрыял валодае вельмі нізкай здольнасцю паглынаць святло. У ходзе свайго даследавання навукоўцы стварылі новы матэрыял, які складаецца з графену і металічных нанаструктур. Выявілася, што ён здольны ўлоўліваць і ператвараць у электрычную энергію ў 20 разоў большую колькасць святла, чым усе вядомыя раней матэрыялы.

«Многія вядучыя электронныя кампаніі разглядаюць магчымасць прымянення графену для стварэння будучага пакалення прыстасаванняў, — заявіў Канстанцін Навасёлаў. — Гэтая праца яшчэ больш павялічвае шанцы графену».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?