31.08.2011 / 14:55

Мінюст адабраў адвакацкую ліцэнзію ў Тамары Сідарэнкі 2

Калегія Міністэрства юстыцыі Беларусі зацвердзіла рашэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці

Калегія Міністэрства юстыцыі Беларусі зацвердзіла рашэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці спыніць ліцэнзію адвакату Тамары Сідарэнцы.

Афіцыйныя падставы спынення дзеяння ліцэнзіі пакуль не вядомыя.

17 жніўня 2011 года адвакат Сідарэнка павінна была праходзіць пазачарговую атэстацыю. Аднак, не чакаючы вынікаў працы атэстацыйнай камісіі, кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі прыняла рашэнне спыніць дзеянне яе ліцэнзіі.

На працэсе па справе 19 снежня Сідарэнка абараняла былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. А пасля таго як Мінюст пазбавіў ліцэнзіі Алега Агеева, таксама абараняла іншага былога кандыдата — Алеся Міхалевіча.

Тамара Сідарэнка сказала: «Што тут каментаваць? Шкада, вядома. Шкада сябе, шкада кваліфікацыйную камісію, якая першай прымала такое рашэнне, шкада калегію. У мяне былі надзеі на тое, што ўсё павернецца ў лепшы бок. Бо за мяне хадайнічаў прэзідыум нашай калегіі адвакатаў, у мяне 33 гады стажу, да таго я не была ні ў чым дрэнным заўважана, за апошні час маю чатыры адзнакі, у тым ліку дзве граматы Мінюста... Я меркавала, што ў любым выпадку асобу мусяць улічыць, але... не атрымалася».

Тамара Сідарэнка не стала наўпрост звязваць пазбаўленне ліцэнзіі з тым, што апошнія некалькі гадоў яна часта абараняла апазіцыянераў. Яна нагадала, што атрымала два папярэджанні, якія сталі фармальнай прычынай прэтэнзій да яе.

«Першае папярэджанне — калі я дала інтэрв'ю і выказала меркаванне, што Някляева пераследуюць мэтанакіравана. Прызнаю, што гэта было сказана не зусім правільна. Але заўважу, што другое папярэджанне я атрымала, калі пасля першага папярэджання былі правераныя мае справаздачныя дакументы. Пад гэтую праверку я трапіла разам з іншымі адвакатамі вядомых вязняў. Таму мяркуйце самі».

Тамара Сідарэнка сказала, што паспрабуе абскардзіць рашэнне калегіі Мінюста ў судзе.

0
МатрУна / Адказаць
31.08.2011 / 20:22
Трымайцеся! Вы выдатны адвакат i цудоуны чалавек.
0
Егор / Адказаць
01.09.2011 / 10:13
А население молчит... Впрочем как всегда.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру