31.08.2011 / 15:59

Мінскі журналіст збіраецца судзіцца з адміністрацыяй санаторыя «Нарач» 11

Руслан Ешчанка хоча атрымаць кампенсацыю за сапсаваны адпачынак

Месяц таму «Наша Ніва» пісала пра рамонт у санаторыі «Нарач»», што належыць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Вярнуўшыся з адпачынку, герой матэрыяла патлумачыў карэспандэнту «НН», навошта ўвязаўся ў канфлікт з адміністрацыяй санаторыя.

Нашым героем апынуўся мінскі журналіст Руслан Ешчанка, вядомы многім слухачам па працы на радыёстанцыях «Мір» і «Юністар». Ён не першы раз адпачывае на Нарачы. «Я працую з гукам, таму мне неабходна адпачываць у цішыні», — кажа ён. Але замест спеваў птушак яму давялося слухаць візгат бензарэзаў і гул цяжкай будаўнічай тэхнікі. Журналіст расказвае, што неаднойчы патрабаваў ад адміністрацыі спыніць шумныя працы пад вокнамі санаторыя і стварыць належныя ўмовы для адпачынку. І ўсё безвынікова, пакуль не ўмяшалася прэса.

Пасля публікацыі ў «НН» і сюжэта на «Белсаце» плітку побач з санаторыем перасталі пілаваць. Але перамога была часовай і частковай: будаўнічая тэхніка нікуды не дзелася. Руслан пайшоў да дырэктара, але той, па яго словах, прапанаваў месца на турбазе.

«У мяне склалася ўражанне, што гэта не мне перашкаджаюць адпачываць, а я ім ствараю нязручнасці. Дырэктар нават паскардзіўся на тое, як яму складана цяпер знайсці будматэрыялы».

Не вытрымаўшы, Руслан у пісьмовай форме запатрабаваў ад адміністрацыі тлумачэнняў. Адказ прыйшоў напрыканцы жніўня. У ім гаворыцца, што працы ў санаторыі ідуць згодна Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011-2015 гг. І вядуцца яны на вуліцы, у 100 м ад жылога корпуса. Што адміністрацыя неаднаразова прапаноўвала свайму кліенту разгледзець пытанне перасялення для адпачынку ў катэдж больш высокага разраду без даплаты, але ён адмовіўся. Руслан кажа, што насамрэч дырэктар Вадзім Пракудзін зрабіў такую прапанову толькі аднойчы. У адказе гаворыцца таксама, што Мядзельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі рэгулярна ладзіць кантроль за рамонтнымі працамі. Асобна падкрэсліваецца, што адміністрацыя прыкладае ўсе намаганні для поўнага задавальнення просьбаў і патрабаванняў кліентаў.

Руслана адказ дырэктара «Нарачы» абурыў. «Гэта адпіска. Ад мяне як ад надакучлівай мухі адмахваліся ў санаторыі. І зараз, у гэтым лісце, адмахваюцца ізноў». Ён настроены рашуча — аж да суда, калі спатрэбіцца. «Я хачу атрымаць кампенсацыю за сапсаваны адпачынак. Мяне ніхто не папярэдзіў пра рамонт», — кажа журналіст. Ён хоча ўласным прыкладам давесці, што сітуацыю трэба мяняць, і пачынаць трэба з сябе.

«Пакуль мы маўчым, заслугоўваем грэблівага стаўлення да сябе. Падобныя рэчы адбываюцца паўсюль, дзе начальнікі — ад самага маленькага, да самага галоўнага — лічаць сябе вышэй за “простага” чалавека. Мы перасталі бараніць свае чалавечыя правы, а часта пра іх нават не ведаем».
Журналіст прыгадвае, як колькі гадоў таму раіў у вельмі падобную сітуацыю ў іншым беларускім санаторыі. Тады ён сцярпеў, хоць адпачынак таксама быў безнадзейна сапсаваны. Цяпер ён упэўнены, што дарма змаўчаў.

«Мяне загадзя папярэдзілі пра рамонт»

Бард Таццяна Беланогая ў жніўні таксама адпачывала на Нарачы. У санаторый «Прыазёрны» яна прыехала ў другой палове месяца. Яна кажа, што яе загадзя папярэдзілі пра тое, што ў санаторыі адбываецца рамонт. Акрамя таго, ужо на месцы яна пабачыла на тэрыторыі «Прыазёрнага» абвесткі, у якіх адміністрацыя прыносіла прабачэнні гасцям за вымушаныя нязручнасці з-за рамонту.

Можна дапусціць, што зроблена гэта было пасля падзеяў у «Нарачы». Прынамсі, Руслан Ешчанка сцвярджае, што перад ад’ездам у Мінск наведваўся ў «Прыазёрны». Рамонт там бачыў, а вось цыдулак з прабачэннямі не заўважыў.

Сямён Печанко, фота Сяргея Гудзіліна

0
Хведзя Цікаўны / Адказаць
31.08.2011 / 16:28
"Руслан кажа, што насамрэч дырэктар Вадзім Пракудзін зрабіў такую прапанову толькі аднойчы. " Але ж зрабіў. І не было б канфлікту, каб прапанову Руслан прыняў. Ну не на калені ж перад ім бухаць. Ці не мая праўда?
0
2Хведзя Цікаўны / Адказаць
31.08.2011 / 16:52
Ваша меркаванне падзяляе багата беларусаў, якія за 17 гадоў як бы прыцярпеліся. Спачатку муляла, а потым прывыклі. Ну няўжо гэта нармальна, калі ў самы разгар курорту пад вокнамі рэжуць плітку? Калі тыя самыя вокны трэба зачыняць, каб у пакой не несла смурод ад спаленага дызеля і будаўнічы пыл? Навошта ўвогуле сяліць у такі корпус людзей ды яшчэ браць за гэта немалыя грошы? Гэта нармальна? Не, гэта скоцтва. Чалавек заплаціў за пуцёўку, яго ніхто ні пра што не папярэдзіў. А вы ў курсе, што тая турбаза знаходзіцца далёка ад гораду і што пры патрэба адтуль ня так і проста даехаць да крамы, пошты і г.д. Гэта ўсё дробязі. У вашым каментары і ў вашай праўдзе так і скразіць тыпова беларускае “а можа так і трэба”. А так не трэба. Трэба, каб прадавец для пакупніка, каб урад для народу, не народ для ўрода. А Руслан акурат і пайшоў на прынцып, каб давесці гэта.
0
Зьміцёр / Адказаць
31.08.2011 / 18:31
На калені! Менавіта на калені! Што за саўдэпаўская мараль? Мы ж сябе лічым Эўропай - дык трэба аблізваць кліента! Грукат? Спыніць! Брудная падлога? Вымыць! Нехта з персаналу грэбуе сваймі абавязкамі? Даць па срацы і персанальна кірайніку прыйсьці і прасіці прабачэння, падарыць нешта! Гэта ж госьці! Гэта грошы! Жывыя грошы! А перабудовы рабіць не ў сэзон.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру