Сёння ва ўсіх агульнаадукацыйных установах Беларусі праходзіць Дзень ведаў.

Паводле звестак Міністэрства адукацыі, у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі

сёлета будуць вучыцца каля 925 тысяч школьнікаў, у тым ліку 88,5 тысячы першакласнікаў.

У краіне дзейнічаюць 3.484 школы, ліцэі і гімназіі, у якіх працуюць 108 тысяч настаўнікаў. 7,9% агульнай колькасці педагогаў складаюць пенсіянеры. Сёлета адкрылася сем новых школ, закрылася 65 — у асноўным гэта малакамплектныя школы ў сельскай мясцовасці.

Практычна ва ўсіх закрытых школах выкладанне вялося на беларускай мове, паведаміў старшыня РГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў. Паводле яго слоў, з году ў год у Беларусі памяншаецца колькасць школьнікаў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове. Летась іх было толькі ўсяго 18% ад агульнай колькасці, сёлета, верагодна, будзе яшчэ менш: дакладныя звесткі стануць вядомыя неўзабаве пасля пачатку навучальнага года, адзначыў Трусаў.

У новым навучальным годзе ў Беларусі будзе працаваць 55 вышэйшых і 214 сярэдніх навучальных устаноў, а таксама 217 устаноў прафтэхадукацыі. У іх будуць вучыцца каля 722 тысяч чалавек: у ВНУ — амаль 445 тысяч, у ССНУ — каля 167 тысяч, у ПТВ — 110 тысяч. Для параўнання: летась гэтыя лічбы складалі адпаведна 450, 150 і 100 тысяч чалавек.

Медыкі ўказваюць на трывожную тэндэнцыю пагаршэння здароўя беларускіх школьнікаў. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, доля навучэнцаў з хранічнымі хваробамі і інваліднасцю расце з году ў год: цяпер яна складае 21% ад усіх дзяцей школьнага ўзросту. Найбольш распаўсюджаны сярод школьнікаў хваробы дыхання, вачэй і органаў стрававання. На думку спецыялістаў, асноўная прычына росту захворвання школьнікаў — высокія псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі ў сістэме адукацыі.

Трэба адзначыць, што 1 верасня набыў моц новы Кодэкс аб адукацыі, накіраваны «на комплекснае і сістэмнае рэгуляванне грамадскіх адносінаў у сферы адукацыі».
Ён, у прыватнасці, уносіць шэраг змяненняў у школьную праграму, прадугледжвае абавязковае падпісанне студэнтамі і навучэнцамі дагавора на навучанне. Упершыню ўводзіцца паняцце «дысцыплінарны праступак навучэнца» і прыводзяцца падставы для прыцягнення яго да адказнасці.

Зрэшты, як сцвярджаюць у Мінадукацыі, сёлета змяненні ў вучэбныя планы школ у сувязі з прыняццем кодэкса ўносіцца не будуць, паколькі планы былі зацверджаны да ўваходжання кодэкса ў сілу. На практыцы новаўвядзенні плануецца ўвесці праз год.

Выступаючы 29 жніўня на нарадзе педагагічнага актыва, Аляксандр Лукашэнка ў ліку самых сур’ёзных праблем сферы адукацыі адзначыў «катастрафічнае падзенне» прэстыжу прафесіі настаўніка, пагаршэнне якасці выкладання, а таксама пытанні дысцыпліны.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы з гэтага навучальнага года ў Беларусі пачнецца аптымізацыя тэрмінаў і стандартаў навучання і праграм ВНУ. Лукашэнка, у прыватнасці, прапанаваў скараціць тэрміны атрымання вышэйшай адукацыі на чвэрць за кошт памяншэння колькасці няпрофільных дысцыплін або скарачэння гадзін, адведзеных на іх вывучэнне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?