01.09.2011 / 11:16

«Калі едзе Лукашэнка — перакрываюць адзін праспект, калі еду я — увесь цэнтр» 15

Гутарка з кіраўніком руху «За аўто» Арцёмам Шарковым.

Пасля акцый «Стоп-бензін» пра Арцёма Шаркова ведаюць многія. Хоць сам кіраўнік руху «За Аўто» сцвярджае, што яго ўстанова да арганізацыі пратэстаў супраць павышэння коштаў на паліва не мае дачынення. Хто стаіць «За Аўто»? За што яго лідара ў КДБ папярэдзілі аб шпіянажы? Пра гэта і не толькі ён распавёў у інтэрв’ю «Салідарнасці»

Прызнацца, я здзівілася, калі на сустрэчу Арцём прыйшоў, а не прыехаў, таму перш за ўсё спытала:

— Дзе твая машына?

— Зламалася якраз у дзень правядзення мінулай акцыі «Стоп-бензін». Добра, што не на праспекце. (Смяецца). Знаёмыя жартуюць з гэтай нагоды: «Калі едзе Лукашэнка — перакрываць адзін праспект, калі едзеш ты — увесь цэнтр».

Дарэчы, гэтую машыну я купіў сабе пару месяцаў таму. «Пежо 406 Пініфарына». Гэта італьянскі аўтамабіль, створаны на дызайнерскай студыі. Рэдкі экзэмпляр. Трохлітровы рухавік, скрынка аўтамат, скураны салон. Яна спартыўная і хуткая.

Гэта мая шостая машына. Яшчэ ў гаражы стаіць «капейка». Цудоўны аўтамабіль. Каб атрымаць адрэналін, я перасаджваюся ў яе. Пры хуткасці 60 км/г адчуванне, што едзеш на «Пініфарына 170» (Смяецца).

А першы раз за руль я сеў, калі мне было 11 гадоў. Дзядуля пасадзіў да сябе на калені. А ўжо гадоў з 14 я сам вадзіў машыну ў прысутнасці бацькі. Цяпер мне 25, і за рулём я правёў большую частку свайго жыцця.

— А ты калі-небудзь трапляў у ДТЗ?

— Так, пяць разоў. Але ў мяне толькі адзін штраф за гэтую справу. Аднойчы я пайшоў у кювет. Гэтая машына не падлягала аднаўленню, хоць я і пасажыр засталіся бяз шкоды: на нас не было ні адной драпіны. З гэтага я зрабіў выснову: трэба быць асцярожным.

— За вадзіцельскі стаж цябе і абралі лідарам інфармацыйна-асветніцкай установы «За Аўто»?

— Не, вядома! (Усміхаецца). На ўстаноўчым сходзе мне людзі сказалі: «Калі ты змог аб’яднаць нас разам, то табе і кіраваць». Адзначу, што ўсе рашэнні мы прымаем калегіяльна.

І гэта нармальна, таму што наш рух вырас з грамадзянскай ініцыятывы.

— Раскажаш, хто стаіць за установай «За Аўто» і як паўстаў ваш рух?

— Справа была такая. У пачатку мінулага года мы сабраліся невялікай кампаніяй і разгаварыліся аб увядзенні мытных пошлін, якія тады збіраліся ўводзіць. Падумалі, чаму б нам з гэтай нагоды не выказаць сваё меркаванне. Мы ж супраць гэтага рашэння. Потым да нас далучыліся нашыя сябры, якіх хвалявалі іншыя пытанні: таніроўка, жывы шчыт і г.д. Потым правялі акцыю пасля чарговага падаражання бензіну і вырашылі зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне. Упраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама адмовіла ў рэгістрацыі. Мы абскардзілі рашэнне ў судзе. Безвынікова. Ідэолагі заявілі аб немэтазгоднасці стварэння нашага грамадскага аб’яднання. ДАІ горада іх падтрымала. Мы вырашылі паспрабаваць зноў пасля выбараў. А паколькі сітуацыя не змянілася, зарэгістравалі «За Аўто» як установу, а не грамадскую арганізацыю. Гэта было ў сакавіку гэтага года.

«За Аўто» аб’ядноўвае заядлых аўтааматараў па ўсёй краіне. Сярод іх ёсць гоншчыкі і стваральнікі аўтаклубаў. Галоўнае: усе яны хочуць пераменаў у аўтамабільнай сферы. Мы не глядзім на палітычныя прыхільнасці людзей. Мы ўсе на колах — ездзім, запраўляемся. І значыць, павінны адстойваць інтарэсы ў гэтай сферы: ўвоз запчастак, аўтамабіляў, бензін, яго якасць і кошт і г.д. Больш як 2,5 мільёнаў беларусаў маюць пасведчанні кіроўцы. На жаль, яшчэ не ўсе ведаюць, што мы ёсць і чым можам дапамагчы.

— Ты можаш прывесці канкрэтны прыклад, як вы дапамаглі каму-небудзь?

— Такіх прыкладаў мноства. З намі працуе Аляксандр Канапліцкі. Ён адзіны чалавек у краіне, які займаецца незалежнай экспертызай ДТЗ. Дзякуючы яму, мы адстойваем правы аўтамабілістаў, звязаныя з няправільным афармленнем пратаколаў супрацоўнікамі ДАІ. Калі забіраюць пасведчанне кіроўцы або неабгрунтавана робяць запіс у талонах, мы пішам сваю скаргу, і гэты запіс анулююць.

— Што ты лічыш самым вялікім дасягненнем «За Аўто» за першыя паўгода?

— Да мінулага года аб фармаванні цэн на паліва ніхто не казаў. Мы ж змаглі падняць хвалю грамадскага абмеркавання. Цяпер аўтааматары — гэта не проста клубы па інтарэсах. Яны сталі грамадска-палітычнай сілай, тым сацыяльным пластом, які можа заяўляць аб сваіх інтарэсах. Зніжэнне коштаў на паліва, якое было прынята кіраўніком дзяржавы пасля акцыі «Стоп-бензін» 7 чэрвеня, — гэта вынік кансалідацыі аўтааматараў, якога ў прынцыпе раней не было.

Хоць, шчыра кажучы, пасля акцый «Стоп-бензін» для ДАІ мы з’яўляемся бяльмом на воку. Калі па нейкіх пытаннях знаходзім узаемную цікавасць, скажам, па спыненні парушэнняў з боку супрацоўнікаў ДАІ, тое, што тычыцца акцый, мы па розныя бакі барыкад.

— Можаш распавесці пра ціск, які ты асабіста на сабе зведваеш? У чым ён выражаецца?

— Калі аўтааматары абвяшчаюць акцыю «Стоп-бензін», у гэты дзень мне даводзіцца адключаць тэлефон і цалкам сыходзіць у падполле, таму што мяне пачынаюць шукаць з мэтай затрымання. Падчас апошняй акцыі мне ўдалося пазбегнуць гэтага. Але затое проста на працы затрымалі намесніка «За Аўто» Фёдара Сухава. У выніку ён правёў чатыры гадзіны ў «абезьянніку» разам з бамжом, па якім поўзалі клапы.

— Cпецслужбы табой цікавіліся?

— Проста з дому забіралі ў КДБ. Пасля акцыі 7 чэрвеня мяне папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці за арганізацыю масавых мерапрыемстваў і аб шпіянажы.

Паміж намі адбыўся такі дыялог. «Вы шмат падарожнічаеце». Я кажу: «Так. Я езджу, мая праца звязана з тым, што я маю зносіны з прадстаўнікамі бізнэсу па ўсёй Еўропе». — «У нас ёсць звесткі, што яны могуць быць супрацоўнікамі выведкі». Я кажу, што мне ўсё роўна, чые яны супрацоўнікі, мае партнёры. — «Вы пагадзіліся б прадастаўляць інфармацыю, з кім вы кантактуеце, калі нешта будзеце чуць аб арганізатарах маўклівых акцый, апазіцыйным руху?» — «Хлопцы, як законапаслухмяны грамадзянін у выпадку выяўлення супрацьпраўных дзеянняў, парушэння заканадаўства, я тут жа паведамлю ў кампетэнтныя структуры, але каму-небудзьшто-небудзь дакладваць не збіраюся». — «Вы ўпэўненыя?». — «Так, — адказваю, — упэўнены. А што, вы прапануеце мне працу?» — «Ды не». (Смяецца).

— Арцём, а кім ты працуеш?

— У мяне івэнт-агенцтва «Асторыя». Займаюся арганізацыяй святаў, дзён народзінаў, вяселляў, вечарынак. Зараз рэгіструю Асацыяцыю рэстаратараў Беларусі, мэта якой аб’яднаць рэстаранны бізнэс краіны.

— «За Аўто» выступае супраць падвышэння коштаў на нафтапрадукты. Але ў Расіі паліва каштуе даражэй, чым у Беларусі. Можа быць, лагічна падымаць кошты, каб бензін не вывозіўся за межы краіны?

— У кожнай краіне ёсць свае асаблівасці па фарміраванні кошту на паліва. ЗША залежыць ад кошту барэля нафты на міжнародным валютным рынку, і кошты вагаюцца кожны дзень на пару цэнтаў. У Еўропе цэны больш стабільныя, змяняюцца цэнтралізавана, таму што вялікую долю ў фарміраванні кошту мае акцыз. У Францыі ён каля 65%, а ў нас цяпер 73%. Ці варта ў нас падвышаць цэны?

Вось глядзіце, у Іране здабываюць паліва, але яно там каштуе па расійскіх грошах каля васьмі рублёў. У Расіі сярэдні кошт 28 рублёў. Што зрабілі іранцы? Яны робяць замеры бакаў для транспартных сродкаў, якія ўязджаюць на тэрыторыю Ірана з іншых дзяржаў. Даюць картку і пры выездзе з краіны глядзяць: калі розніца больш за 10%, то плацяць за паліва па кошце краіны, у якую выязджаюць.

Я лічу, што ў нас цэны на паліва можна павышаць разам з зарплатай. Паўгода таму вы маглі купіць 300 літраў паліва на сярэднюю зарплату. Сёння — каля 150. Пакупніцкая здольнасць грамадзян рэзка ўпала. Ужо цяпер стаянкі перапоўненыя. У дварах машыны днямі стаяць. Людзі пачынаюць адмаўляцца ад паездак на асабістым транспарце на карысць грамадскага. Калі паўгода таму зарплата па афіцыйным курсе была 500 даляраў, то цяпер гэта ўжо 150 па курсе на чорным рынку, а кошты на паліва прыроўненыя да даляра па-ранейшаму. Гэта нелагічна, па-мойму.

У дзяржавы ёсць магчымасць паўплываць на тое, каб паліва не вывозілася за межы краіны. Можна знізіць акцызы, прыцішыць свае апетыты. Скараціць, урэшце, некалькі міністэрстваў і ведамстваў, правесці рэформы. Навошта столькі супрацоўнікаў на запраўках «Белнафтахіму»? Давайце урэжам іх штат. Працу канцэрну можна зрабіць прыбытковай іншымі механізмамі.

— Які, па-твойму, павінна быць сумленны кошт на бензін у нашай краіне?

— (Задумаўся). Гэта вельмі добрае пытанне. Кожны грамадзянін, незалежна ад свайго роду заняткаў, павінен сабе дазволіць ездзіць на машыне. Калі чалавек выходзіць з раніцы з дому і думае, паехаць мне сёння на машыне або ўвечары зайсці ў краму па прадукты, гэта няправільна.

У майго знаёмага два месяцы таму нарадзілася дзіця. Цяпер яго аўтамабіль стаіць на прыколе. Ён не можа яго запраўляць, таму што выбірае: купіць ежу і памперсы альбо ездзіць на машыне.

Кошты на паліва — гэта ўсяго толькі маленькая частка ад усёй эканомікі краіны. У кошт на каву, на хлеб таксама закладзены транспартныя выдаткі. І падвышаючы кошт паліва, мы падымаем і кошт канчатковага прадукту.

Лічу, што людзі павінны ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў па фармаванні кошту паліва. Тады кошт на бензін будзе сумленным.

— Як ты думаеш, што далей будзе з акцыямі «Стоп-бензін»?

— Да таго часу, пакуль цэны падымаюцца, насуперак разумнай логіцы і асабістым указанні кіраўніка дзяржавы, яны будуць праводзіцца. Прычым з кожным узняццем коштаў.

На «Стоп-бензіне» я бачыў шмат дарагіх машын: «Бэнтлі», «лэндровэры», «джыпы». Іх уладальнікі ўмеюць зарабляць грошы і іх лічыць. Выязджаючы на акцыі, яны даюць зразумець, што яны не дойныя каровы. Калі б кожны ставіўся да гэтага як сярэдні клас, у краіне была б сацыяльная справядлівасць. А пакуль людзі будуць думаць, што мы нічога не зробім, таму што мы — ніхто, натуральна, нічога не зменіцца.

0
Шпак / Адказаць
01.09.2011 / 11:52
Ну, вообще-то ездить на трехлитровом двигателе по городу - это роскошь. И всем владельцам "дарагіх машын: «Бэнтлі», «лэндровэры», «джыпы»" придется понять однажды, что пока их видят на таких машинах, их воспринимают как дойных коров, руководствуясь принципом - есть деньги на дорогую машину, найдешь и на дорогой бензин. И вообще, просто требовать снизить цену на бензин - неразумно. Низкая цена на бензин влечет за собой массу других проблем в экономике. Не с того конца надо браться, не в цене на бензин проблема. Мы тратим больше, чем зарабатываем, потребляем больше, чем производим, и рано или поздно этот дисбаланс должен быть ликвидирован. Самый простой способ - жить по средствам. В нашей ситуации в данный момент это означает, что мы должны стать беднее, меньше потреблять.А цены неизбежно должны вырасти, в том числе и на бензин. И просто тупо требовать снизить цену - этого недостаточно. Нужны эффективные реформы во всей экономике, рост доходов. А цены должны выровняться с соседями. Ну и в личных расходах надо порядок наводить, менять их структуру. Почему-то у нас принято считать, что дорогой автомобиль, который жрет много топлива - более важная статья расходов, чем нормальное питание, отдых и путешествия, здоровье, образование и т.д. Оно, конечно, понятно, после того, как Советы рухнули, мы еще не нахапались, не нажились красивой жизнью, но постепенно это должно измениться. Верю, что и у нас директору фирмы будет не зазорно ездить на работу на велосипеде. П.С. Надеюсь, что хотя бы этот, один из моих ста, комментарий модератор пропустит, титульную оппозицию вроде я здесь не гноблю.
0
аўтааматар / Адказаць
01.09.2011 / 11:59
«Калі едзе Лукашэнка — перакрываць адзін праспект, калі еду я — увесь цэнтр» - безумоўна, ёсць чым ганарыцца(
0
trouble2maker.com / Адказаць
01.09.2011 / 13:08
> Я лічу, што ў нас цэны на паліва можна павышаць разам з зарплатай. ну што скажаш, вельмі-вельмі разнастайна адукаваны чалавек. толькі лепей яму трымацца далей ад эканамічных пытанняў...
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру