Агучаны А. Лукашэнкам сцэнар «стабілізацыі» валютнага рынку краіны фактычна пацвердзіў, што прэм’ер РБ М. Мясніковіч, які заявіў яшчэ ў пачатку жніўня пра тое, што ўлады маюць намер узяць пад поўны кантроль валютныя патокі, зусім не блефаваў. І дадзены сцэнар зусім не стане салодкай цукеркай для беларускіх банкаў, у дачыненні да якіх Лукашэнка ў ходзе свайго спіча, які прайшоў у аўторак на нарадзе, прадэманстраваў асаблівыя эмоцыі.

Не кажучы ўжо пра такія выказванні, як «сквапнасць банкаўскай сістэмы» ці «раздзявайцеся і працуйце… па начах», варта звярнуць увагу, як пачаўшы з мяккага наезду на банкіраў ў выглядзе даручэння кіраўніцы НБ РБ «Пачынайце са спакойнай працы, папрасіце банкіраў…» , Лукашэнка ўжо праз 10 хвілін запатрабаваў ад М. Ермаковай «зашліфаваць і зачысціць банкаўскую сістэму».

Беларускі агітпроп незабавіўся і выставіў у падтрымку ўсяго сказанага, уключаючы абавязак бізнэсу падзяліцца звышпрыбыткамі і падставіць плячо дзяржаве, кіраўнікоў трох «прыватных» банкаў з замежным капіталам — кіраўнікоў Белзнешэканомбанка, БПБ-Банка і ВТБ Беларусь.

«Да гэтага для нашага рынка была характэрная непрадказальнасць. Банкі, бізнэс не разумелі, што рабіць далей. Цяпер, калі абвешчаныя правілы гульні, гэта дасць свой станоўчы вынік… мы ўсе цяпер разумеем, на што будзем арыентавацца», — сказаў кіраўнік ВТБ Беларусь Уладзімір Іваноў, імкнучыся выглядаць як мага больш нейтральна і увязваючы выкананне ўсіх пастаўленых перад банкамі патрабаванняў з адной умовай «…калі мы атрымаем рынкавы курс даляра і інструмент куплі гэтага даляра на другой дадатковай сэсіі».

У сваю чаргу кіраўнік БПС-Банка ўжо каментаваў вынікі нарады «з прыкладзенай да фуражкі рукой», праўда, кінуў невялікі каменьчык у агарод Нацбанка РБ.

«Мы вельмі станоўча ацэньваем гэта прынцыповае рашэнне кіраўніка дзяржавы», сказаў В. Мацюшэўскі.

«Мне здаецца, што мы цяпер знаходзімся ў такім стане, калі Нацбанку прыйдзецца распачаць дастатковыя сур’ёзны комплекс мер у галіне стрымлівання інфляцыі… (якая) пагібельная як для функцыянавання эканомікі ў цэлым, так і для нашых кішэняў. Нам трэба вярнуць давер насельніцтва», — даў даручэнне рэгулятару банкір.

Кіраўнік Белзнешэканамбанка наогул нікога не крытыкаваў, не крыўдзіў і нават паабяцаў яшчэ больш нарасціць знешні доўг краіны за кошт прыцягнення валютных крэдытаў.

«Праграму мераў урада і Нацбанка… мы вітаем, падтрымліваем і лічым яе як раз той праграмай, якая дазволіць рэальна рушыць наперад у вырашэнні праблем», — заявіў Павел Калавур. — «Мы, вядома, будзем прытрымлівацца тых рэкамендацыяў, якія сёння былі выпрацаваны, каб агульнымі намаганнямі забяспечыць поспех».

«Мы акажам падтрымку ў галіне непасрэдна прыцягнення рэсурсаў, у тым ліку і рэсурсаў нашага мацярынскага банка», — паабяцаў Калавур (напярэдадні нарады Белзнешэканамбанк заявіў аб павелічэнні статутнага фонду на 25,4%).

Пастаўленая беларускім агітпрапам мэта была нібыта дасягнутая — тры банкаўскія волаты агучылі падтрымку і ўхваленне абвешчанаму сценрау ад імя ўсёй банкаўскай сістэмы. Аднак, варта адзначыць два факты.

Па-першае, і Мацюшэўскі і Калавур яшчэ ў мінулым годзе займалі пасады намеснікаў старшынь Нацыянальнага банка РБ.

Па-другое, усе тры банкіры могуць падставіць Лукашэнку валютнае плячо ў выглядзе пазык матчыных структураў, не задумваючыся пры гэтым пра нейкія палітычныя ці эканамічныя рызыкі, у тым ліку рызыкі незвароту дадзеных пазык, паколькі ўсе трое ўзначальваюць (амаль) стопрацэнтныя дочкі трох (амаль) дзяржаўных расійскіх банкаў — Знешэканамбанка, ВТБ і Сбербанка, здольных скупіць усю беларускую эканоміку, не міргнуўшы пры гэтым вокам. А таму праспяваюць любыя песні на камеру беларускай зомба-скрыні, разумеючы, чым можа абярнуцца крыжовы паход Лукашэнкі супраць банкаў з расійскім капіталам, вось толькі наўрад ці гэтыя «куплеты» адлюстроўваюць рэальнае меркаванне банкаўскага сектару да агучанага ўчора сцэнара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?