Фота kino.br.byНоч у музэі (Night at the Museum)

ЗША, 2006, каляровы, 107 хв.

Рэжысэр: Шон Леві

Ролі выконваюць: Бэн Стылер, Робі Ўільямз, Дык Ван Дайк, Мікі Руні, Джэйк Чэры, Біл Кобз

Жанр: Камэдыя для сямейнага прагляду

Адзнака: 5 (з 10)

У недарэкі Лары ўсё складваецца блага: згубіў працу, разьведзеная жонка адхіляе яго ад сына, а сам сын ганарыцца айчымам-брокерам.

Апошнім шанцам Лары становіцца праца… начнога вартавога ў Музэі натуральнай гісторыі. Уначы экспанаты музэю ажываюць і пачынаецца такое…

Карціна Шона Леві – ідэальная камэдыя для дзяцей. Дый сам дарослы герой вядзе сябе, як гарэзьлівае дзіця, якому трэба знайсьці агульную мову са шкілетам тыраназаўра, накарміць стода з Пасхі жуйкай і даць стратэгічнае заданьне цацачным рымскім легіянэрам.

Звычайна экспанаты ажывалі ў карцінах жахаў (варта прыгадаць шматлікія “Музэі васковых фігураў”). Гэная – камэдыя, галоўныя прылады якой уцёкі, выспяткі, грымасы – і іншыя прыгоды ў кампаніі са львамі, Атылай, вікінгамі, найшкадлівейшай малпай і забранзавелым Калюмбам.

Бэн Стылер (“Знаёмства з Факерамі”) – падае, скача, абураецца, даганяе – і хаця болей складаных задачаў фільмам не прадугледжана, для дзіцячага кіно гэта самае то. Робін Ўільямз, які ўжо трапляў у нерат з карцінаю “Джуманджы” – тут зьяўляецца васковаю статуяй Тэадора Рузвэльта, які дае герою каштоўныя парады й дапамагае яму з навядзеньнем парадку.

А будзе шчэ чароўны эгіпецкі артэфакт (галоўная прычына ажыўленьняў), бадзёрыя старыя рабаўнікі – і буйная радасьць сына Лары.

Пасьля стужкі амэрыканцы штурмуюць Музэй натуральнай гісторыі, а залі поўняцца гледачамі.

У Менску з 12 студзеня 2007 г.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?