У Беларусі трэба адмаўляцца ад малакамплектных школ, арганізуючы падвоз навучэнцаў у больш буйныя. Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання сярэдняй школы ў Астрашыцкім Гарадку і ўдзелу ў святкаванні Дня ведаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тыя, хто выступае за захаванне невялікіх сельскіх школ, ніколі не аддалі б у яе сваё дзіця. «Ніхто б сваё дзіця не павёў у школу, дзе ў адным кабінеце сядзяць чатыры класы і адзін настаўнік, які за 45 мінут навучае ўсіх дзяцей, — сказаў ён. — Лепш затраціць грошы, каб падвозіць вучняў, але каб яны вучыліся ў нармальнай, паўнацэннай школе, каб атрымлівалі веды. А прафанацыі нам не патрэбны».

Для забеспячэння падвозу выхаванцаў і навучэнцаў у рамках рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005–2010 гады было набыта 723 аўтобусы. У 2010/2011 навучальным годзе для гэтых мэт выкарыстоўвалася амаль 1300 аўтобусаў.

Дзелячыся ўражаннямі ад убачанага ў школе, Лукашэнка адзначыў, што па такому тыпу і трэба абсталёўваць школы ў аграгарадках.

«Кампактна, без лішняга.
Гэта адзін з тыповых узораў школы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Добра, што выбралі аптымальны варыянт. Так трэба мадэрнізаваць і іншыя школы».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?