«2 і 6 верасня нас чакаюць два вельмі цяжкія матчы, і я не ведаю, які з іх будзе цяжэйшым», — заявіў галоўны трэнер футбольнай зборнай Босніі і Герцагавіны Сафет Сушыч на прэс-канферэнцыі ў Мінску 1 верасня.

«Ёсць меркаванне, што беларуская зборная лепш гуляе ў гасцях», — сказаў Сушыч.

Адказваючы на пытанне, ці не зробяць дрэнную паслугу заявы баснійскіх футбалістаў пра перавагу над беларусамі, трэнер заявіў: «Нашы гульцы аптымісты. Я рады, што ў мяне ў камандзе ёсць такія людзі. У нас нямала гульцоў сусветнага ўзроўню. Яны лічаць, што з’яўляюцца фаварытамі. Гэта іх меркаванне. Я вельмі паважаю меркаванне сваіх гульцоў. Але я вельмі паважаю і каманду, якая стаіць вышэй за нас. Гэта не выпадковасць».

Пра павагу да саперніка заявіў і капітан баснійцаў Эмір Спахіч, які размаўляў з беларускімі журналістамі на рускай мове (у свой час ён выступаў у яраслаўскім «Шынніку», маскоўскіх клубах «Тарпеда» і «Лакаматыў»). Ён адзначыў, што гуляў у Расіі з некалькімі футбалістамі беларускай зборнай. «Ваша зборная выйграла некалькі важных матчаў, — сказаў Спахіч. — Нас і вас чакаюць дзве вельмі цікавыя і вельмі цяжкія гульні». Паводле слоў футбаліста, для дасягнення выніку неабходна дысцыплінаванасць.

Паводле меркавання Сафета Сушыча, толькі тая каманда, якая набярэ ў двухматчавым супрацьстаянні шэсць ачкоў, атрымае рэальны шанс на другое месца ў групе. Ён паведаміў, што ўсе футбалісты ў страі, і заявіў, што

«ніколі не было лепшай зборнай, чым цяпер».

«Мы прыехалі, каб паспрабаваць выйграць, — сказаў трэнер баснійцаў. — Я бачыў заяву Штанге (галоўны трэнер беларускай зборнай. — БелаПАН.), што ён жадае трапіць на чэмпіянат Еўропы. У мяне тая ж мэта. З іншага боку, мы аптымісты, але нічога гарантаваць нельга».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?