Як пачысціць сваю кватэру і зарабіць на гэтым?

Крызіс — добрая нагода, каб пашукаць дадатковы заробак. Часцяком ён хаваецца ледзь не пад нагамі, варта толькі прыгледзецца.
Калі шуфлядкі, балконы, гараж і лецішча пад завязку забіты ламаччам, задумайцеся: колькі можна на ім зарабіць. Стаць мільянерам наўрад атрымаецца, але будзе і прыемны бонус — вызваліцца свабодная прастора.

У суткі да мільёна

…Разбітая дарога да прадпрыемства «Другчормет», што ў Гатаве пад Мінскам. Ад з’езда з трасы пачынаецца чарга з сотні грузавікоў і легкавікоў з прычэпамі, загружанымі металаломам. Вязуць усё: і старыя ванны, і ржавыя рухавікі. Канца чаргі не відаць: лю-дзей тут больш, чым у любым спісе ля абменніка. «Колькі стаіце?» — «Ад вечара. У кабіне начавалі. Можа, за суткі наша чарга і дойдзе», — кажуць кіроўцы. Але стаяць ёсць рэзон — за тону «чормету» можна атрымаць да 500 тысяч рублёў.

Аўто: даплаціць за ўтылізацыю

Куды падзець аўтамабільныя расходнікі — хворае пытанне для любога кіроўцы, які хоць трохі дбае пра экалогію. Напрыклад, маторную аліву. Выліць яе ў траву не падымецца рука, але цэнтралізаванага прыёму пакуль што няма. Застаецца прапанаваць непатрэбныя літры на СТА — на многіх з іх ёсць печкі, якія працуюць на аліве. Тая ж сітуацыя і з шынамі. Некаторыя станцыі тэхнічнага абслугоўвання згаджаюцца пакінуць іх сабе, але за дадатковыя грошы, хоць і сімвалічныя.

А вось аўтамабільныя акумулятары — даволі выгадны артыкул папаўнення сямейнага бюджэту. Нездарма прадпрымальныя людзі ездзяць па вёсках і скупляюць акумулятары за 5–10 тысяч. Пасля яны накіроўваюцца ў аддзяленні «Белколермет» і атрымліваюць па 40–50 тысяч за штуку. Арыенціровачны кошт — па 3000 рублёў за кожны кілаграм вагі, прычым электраліт загадзя зліваць не трэба. Дарэчы, мінскі пункт прыёму акумулятараў знаходзіцца ў тым самым Гатаве, варта толькі праехаць далей, да канца пасёлка.

Знайдзі са

м

Нічога не ўдасца атрымаць за здадзеныя батарэйкі і лямпачкі. Больш за тое, давядзецца паклапаціцца, каб іх кудысьці ўладкаваць. Батарэйкі можна ўкінуць у спецыяльныя кантэйнеры ў большасці гандлёвых цэнтраў, а лямпачкі вярнуць у краму, у якой яны былі купленыя. Яшчэ адзін варыянт — аднесці ў арганізацыю «Экалогія-121», якая знаходзіцца ў цэнтры Мінска па адрасе вул. Смалячкова, 9–518.

А вось іртутныя тэрмометры прымаюць падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных справах. Яны працуюць з юрыдычнымі асобамі, але прымаюць тэрмометры і ад грамадзянаў.

Дзяржава адстае ад рынку. І ад Еўропы

Дзяржаўныя арганізацыі, якія выкупляюць у насельніцтва слоікі і бутэлькі, выстаўляюць цэны ніжэйшыя, чым у прыватнікаў. Напрыклад, трохлітровыя слоікі можна прадаць па аб’яве ў «З рук у рукі» за 2000–3000 рублёў, а кожны са ста пунктаў прыёму шклатары гатовы заплаціць толькі 510 рублёў. Тая ж сітуацыя з бутэлькамі з-пад піва і гарэлкі. А вось нестандартныя слоікі застаецца альбо выкінуць, альбо здаць на шклабой у пункты «Экарэс» — у адным толькі Мінску іх налічваецца некалькі дзясяткаў. Вось толькі кошт не парадуе — каля 150–200 рублёў за кілаграм.

Яшчэ горшая сітуацыя з макулатурай. Зацягнуўшы ў пункт прыёму нават 30 кілаграмаў старых кніг і часопісаў, наўрад ці акупіш нават праезд. Усё ж 50 рублёў за кілаграм — смешная кампенсацыя.

Утылізацыя смецця ў Беларусі пакуль знаходзіцца ў зародкавым стане. Еўрапейскія краіны пайшлі на шмат крокаў наперад. Там складана ўявіць сітуацыю, каб чалавек быў вымушаны даплачваць за тое, што не выкінуў хлам да пад’езда, а прывёз яго на перапрацоўчае прадпрыемства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?