Перамовы «Газпрома» з Беларуссю па новым газавым кантракце ідуць у канструктыўным ключы, паведамляе прэс-служба расійскага газавага канцэрна.

«Абмеркаванне новых умоў паставак і транзіту расійскага газу ідзе ў комплексе з купляй „Газпромам“ 50% акцый ААТ „Белтрансгаз“ і ў канструктыўным ключы», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце «Газпрома».

2 верасня ў цэнтральным офісе «Газпрома» ў Маскве адбылася другая сустрэча старшыні праўлення ААТ Аляксея Мілера і першага намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі. Сустрэча адбылася ў межах перамоў, якія, у адпаведнасці з ліпеньскімі дамоўленасцямі, былі адноўлены 1 верасня.

Бакі пацвердзілі, што завяршыць перамоўны працэс і падпісаць новы кантракт на пастаўку і транзіт газу плануецца ў пачатку снежня 2011 года.

Нагадаем, 23 жніўня прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін на пасяджэнні ўрада даручыў Мінэнерга і «Газпрому» правесці найбліжэйшым часам перамовы з беларускімі калегамі і вызначыць паніжальны «інтэграцыйны» каэфіцыент для цаны паставак расійскага газу Беларусі.

Рашэнне аб увядзенні паніжальнага каэфіцыента расійскі прэм’ер апублікаваў 15 жніўня па выніках пасяджэння Саўміна Саюзнай дзяржавы, падкрэсліўшы сувязь гэтага рашэння з інтэграцыяй у межах Мытнага саюза і ўвязаўшы яго з пытаннем набыцця «Газпромам» другой паловы «Белтрансгаза». «Разлічваем на тое, што гэты працэс будзе сінхранізаваны з набыццём другой долі кампаніяй „Газпром“ у „Белтрансгазе“, дзе ён з’яўляецца 50-працэнтным уласнікам», — сказаў Пуцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?