Зняволенаму экс-кандыдату ў прэзідэнты Дзмітрыю Усу доўгатэрміновае спатканне з жонкай Яўгеніяй скарочана да аднаго дня.

Яўгенія Ус паведаміла БелаПАН, што збіралася паехаць у папраўчую калонію ў Магілёве, дзе ўтрымоўваецца яе муж, 5 верасня. «Раней планавалася, што спатканне будзе з 5 па 7 верасня. Аднак учора Дзмітрый патэлефанаваў з турмы і паведаміў, што спатканне скарочана да аднаго дня.

Ён сказаў, што яму прапанавалі напісаць ліст аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён гэта зрабіць адмовіўся. У выніку начальнік калоніі пазбавіў яго доўгатэрміновага спаткання і замяніў яго аднадзённым 8 верасня»,
 — сказала жонка Уса.

Таксама яна паведаміла, што на пазамінулым тыдні выслала мужу бандэроль з неабходнымі медпрэпаратамі. «Дзмітрый пацвердзіў, што такая бандэроль у калоніі атрымана, аднак лекаў з яе яму не выдаюць, нягледзячы на тое, што ўсе лекі былі выпісаныя турэмным урачом», — адзначыла Яўгенія.

Яна расцэньвае гэта як націск на былога кандыдата ў прэзідэнты, каб ён усё ж напісаў прашэнне аб памілаванні.

Тым не менш, адзначыла Яўгенія, Дзмітрый Ус пачувае сябе лягчэй, паколькі «ўжо адаптаваўся да ўмоў у калоніі».

Дзмітрый Ус быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года. 26 мая суд Ленінскага раёна сталіцы прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгавор райсуда без змяненняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?