Нядаўна TUT.BY пісаў пра тое, як кіроўцы міжнародных аўтобусных рэйсаў нелегальна зарабляюць немалыя грошы на продажы месцаў у аўтобусах з Літвы ў Беларусь. Журналіст накіраваў шэраг лістоў у розныя афіцыйныя структуры, каб атрымаць тлумачэнні і спыніць парушэнні. З той пары прайшло больш за месяц. Сёння мы раскажам пра тое, што змянілася, якія адказы былі атрыманыя і чаго мы ўрэшце дамагліся.

Нагадаем, гаворка ішла, у прыватнасці, пра папулярны штовечаровы рэйс «Коўня—Мінск», які праходзіць праз Вільню і там набірае большасць пасажыраў. Карыстаючыся тым, што ў касе віленскага аўтавакзала прадаецца (на момант напісання таго артыкула) толькі 5 квіткоў, а ў Мінску іх набыць наогул немагчыма (бо рэйс прахадны), кіроўцы прадавалі месцы пасажырам, не даючы ані квітка, ані чэка. У выніку пасажыр заставаўся без прававой абароны ў выпадку экстрэнных сітуацый, аўтапарк — без саліднага прыбытку, які асядаў у кішэнях кіроўцаў, а верагодна, і тых, з кім яны дзяліліся.

Выкладзеныя ў артыкуле факты былі правераныя Мінсктрансам — кіраўнічым органам аўтобуснага парка № 2, які адзіны выконвае міжнародныя рэйсы. Вынік наступны: парадак продажу квіткоў на тэрыторыі Літвы зменены! Цяпер на аўтавакзале Вільні можна набыць квіткі ў любой колькасці за дзве гадзіны да ад’езду (а 5 квіткоў, як і раней, можна набыць хоць за тыдзень). Двух кіроўцаў, што апынуліся ўдзельнікамі нашага эксперыменту, Мінсктранс пакараў пазбаўленнем прэміі на месяц, вымоваю і адхіленнем ад міжнародных і міжгародніх перавозак. Намеснік дырэктара па перавозках Мінсктранса Віктар Палаўчэня быў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці і пазбаўлены месяцовай прэміі «за незабеспячэнне неабходнай выхаваўчай працы кіроўцаў». Пытанне: а хто ж адказны за шматгадовае бязладдзе, якое дазволіла кіроўцам разгарнуць своеасаблівы бізнэс? Пакуль што адказу няма.

Застаўся невысветленым і наступны момант (на чым акцэнтавалася ўвага ў першай частцы расследвання): якім чынам колькасць пасажыраў, зафіксаваная кіроўцамі, супадае з лічбаю, зафіксаванай памежнікамі? Атрымаць доступ да гэтых звестак у Дзяржаўным памежным камітэце (роўна як і ў аўтапарку № 2) немагчыма. Камітэт у асобе начальніка ўпраўлення памежнага кантролю галоўнага аператыўнага ўпраўлення Івана Бандарэнкі не выказаў асаблівага жадання разабрацца ў сітуацыі. З пісьмовага адказу мы даведаліся толькі, што «праверка праязных квіткоў у пасажыраў аўтобуса, а таксама адпаведнасць колькасці пасажыраў праязным дакументам не адносіцца да кампетэнцыі супрацоўнікаў органаў памежнай службы». Ніхто і не сцвярджаў, што адносіцца. Аднак у аўтапарку нам паведамілі, што ў спецыяльны пуцявы ліст спачатку кіроўца, а потым і памежнік мусяць унесці колькасць пасажарыў. Дык калі палова пасажыраў едзе без квіткоў, як кіроўца тлумачыць неадпаведнасць здадзеных у касу грошай? У аўтапарку кажуць, што лічба памежніка і кіроўцы заўсёды супадае. Як так?

Праблема закранула за жывое многіх: больш за 200 водгукаў на форуме TUT.BY, а таксама газеты «Наша Ніва», якая перадрукавала наш артыкул. Хтосьці, як anata64, абвінаваціў аўтарку ў «стукацтве»: «Стучыць на папярэдне кінутых ёю кіроўцаў». «Навошта вадзілаў залажылі?» — пытае Самавіты Мянтуз. «Я за закон. Чаму я, просты інжынер, павінен працаваць, карміць жонку, дзяцей за 1 800 000 і плаціць усе падаткі, а нейкі вадзіла, і начальнік аўтапарка, і ўсе іншыя ўдзельнікі схемы калыміць сабе, выкарыстоўваючы дзяржсродкі? Яны яшчэ набіраюцца нагласці казаць мне “маўчы”, калі я бачу, як яны крадуць?» — разважае чытач Аляксей. Карыстальнік пад нікам Тупасць шкадуе: «Нашто было гэта пісаць? Зараз і так кіроўцы з-за такіх вось… не бяруць з людзей патанней». «Зычу вам сэканоміць пару капейчын на нелегальным праездзе, а потым патраціць шмат-шмат грошай на лячэнне і непрацаздольнасць. Тады вы нарэшце зразумееце, што кожны павінен дзейнічаць па законе, нават калі хоча зарабіць», — парыруе карыстальніца Znikla.

Самыя канструктыўныя чытачы выказалі ідэі па вырашэнні праблемы. «Была б прыватная фірма — такога не было б», — даводзіць Алесь. Больш канкрэтную прапанову мае Green_emetaha: «Ставіць відэарэгістратар там, каб у камеру патрапляў пасажыр, які ўваходзіць, і кіроўца, які яго абілечвае. Да што там! Калі правільна зрабіць — увесь салон патрапіць!) І бягучы час. Па прыездзе відэазапіс правяраецца. Вуаля! Кошт рэгістратара — нікчэмныя траты! Проста гэта нікому не трэба. І самому аўтапарку таксама не трэба»... Карыстальнік Vityuha прапануе іншы варыянт: «А чаму нельга парку аддаць аўтобус кіроўцу ў арэнду і проста атрымоўваць арэндную плату, а ўсё іншае — праблемы кіроўцы + яшчэ з кіроўцы аплата аўтавакзала за карыстанне платформамі і паслугамі касіраў».

Многія дзяліліся ўражаннямі, як траплялі ў падобныя сітуацыі, і не толькі падчас вяртання з Літвы, але і на вакзале ў Бабруйску (ira_genius), Віцебску (baza74), аўтобусе «Львоў—Берасце» (Актуальна), аўтобусе «Коўня—Віцебск» (e-ndrus), гарадскім рэйсе «Маскоўскі вакзал — аэрапорт «Мінск-2» (tut), на вакзале ў Старабарысаве (ЯНКА). Матэрыялу для новых журналісцкіх расследванняў больш, чым дастаткова! Праўда, ці для таго існуе цэлае міністэрства з поўным штатам чыноўнікаў, каб гэтымі праблемамі займаліся журналісты? Дарэчы, матэрыял першай часткі расследвання патрапіў у Міністэрства транспарту і камунікацый, але праз Мінгарвыканкам быў перанакіраваны у той самы Мінсктранс — маўляў, займайцеся сваімі «падапечнымі» самі.

Што да афіцыйных адказаў, то агулам мы атрымалі іх з сямі інстанцый. Пяць з якіх перанакіравалі заявы іншым з фармулёўкамі «па прыналежнасці» і «ў межах кампетэнцыі». Так, намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Аляксандр Раманоўскі паведаміў, што інфармацыя перанакіравана ў транспартную інспекцыю Міністэрства транспарту і камунікацый. Намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко скіраваў зварот у Мінгарвыканкам (які ў сваю чаргу яго перанакіраваў у Мінсктранс; адказ Мінсктранса прыведзены ў артыкуле). Камітэт дзяржкантролю таксама скіраваў заяву ў Мінсктранс. А Дэпартамент фінансавых расследванняў КДК даслаў пісьмовы адказ, што «разгляд зазначаных у звароце пытанняў не ўваходзіць у кампетэнцыю органаў фінансавых расследванняў», а таму зварот перанакіроўваецца ў Міністэрства транспарту і камунікацый і Дзяржаўны памежны камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?