Я заўсёды смяюся, калі чую ўсе гэтыя «Ганцаўшчына», «Лунінеччына», «Ляхаўшчына» ці «Баранавіччына». Бо гістарычна «Ляхаўшчына» — гэта Наваградчына, «Лунінеччына» — часткі Піншчыны і Мазыршчыны, а «Баранавіччына» — Наваградчыны і Слонімшчыны. Піша Анатоль Сідарэвіч.

Народжаны (паводле пашпарту) у Ганцавіцкім раёне, я з іроніяй паставіўся да весткі, што Дзень беларускага пісьменства сёлета будзе праходзіць у Ганцавічах. Бо што такое Ганцавічы? Да 1939 года — прыстанцыйнае паселішча ў Круговіцкай гміне Лунінецкага павета. З якога часу паселішча, якому недзе 125 год, дае імя субрэгіёну? Хіба можа яно дараўнаць старажытным Пінску, Наваградку, Слуцку? Ці нават Куцейну і Любчы, дзе ў ХVII ст. меліся друкарні?

Вось чаму я з цікавасцю прачытаў эсэ Анатоля Трафімчыка «Як узнікла Ганцаўшчына» на сайце часопіса «ARCHE».

Моўны падзел

Анатоль Трафімчык, чалавек круговіцкі, падзяліў Ганцавіцкі раён на тры зоны: слуцкую, наваградскую і пінскую.

Што датычыць трэцяй зоны, то ў лінгвістычных адносінах я не згаджуся з Анатолем, бо ўласна Піншчына — гэта Заходняе Палессе, а акадэмік Яўхім Карскі, апісваючы гаворкі нашай стараны, аднёс Бобрык, Малкавічы і іншыя паселішчы да ўласна беларускага, а не заходнепалескага араэлу.

Не буду казаць пра Малую Плотніцу ці Бобрык (я там бываў толькі праездам), скажу пра Забярэззе, Яловую, Малкавічы, Люсіна, Макава, Задуб’е і Ліпск.

Забярэззе (самы паўночны пункт Пінскага раёна) — гэта востраў блізу чыстай беларускай гаворкі.
Магчыма, прычына ў тым, што тут палавіна жыхароў былі каталікамі, якіх мясцовыя жыхары называлі літвінамі (яны, хоць некаторыя і мелі літоўскае прозвішча Матуліс, прыехалі сюды з гістарычнай Літвы — Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй Беларусі). У хуткім часе Забярэззя не будзе.

Гаворка ў Яловай (самы паўднёвы пункт Ганцавіцкага раёна, побач з Забярэззем) таксама не заходнепалеская. (Дарэчы, ялоўскую, хатыніцкую і раздзялавіцкую гаворку апісаў лінгвіст і пінчук Юры Чарнякевіч у сваёй кнізе «Атлас гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны», якая выйшла ў 2009 годзе.)

Малкавічы (маю на ўвазе вёску, а не прыстанцыйны пасёлак), Люсіна і Макава маюць сваю моўную спецыфіку. Тут можна было правяраць правапіс «дз» і «ц»: яшчэ ў 1960-х мясцовыя жыхары казалі дзадзко, цотка, дзэ, цапэр. Сустракаючы ў Малкавічах сваіх равесніц, я заўсёды кажу: «Дзэнь добры, дзаўкі!»

Малкавіцка-люсінская гаворка не заходнепалеская, яна нагадвае давыд-гарадоцкую. Да якой групы аднесці гэтую гаворку, няхай вырашаюць лінгвісты.

Іншая гаворка ў Задуб’і, але яна таксама не заходнепалеская.

Нельга назваць заходнімі палешукамі і ліпчукоў (жыхароў Ліпска).

У цэлым Ганцавіцкі раён — гэта субрэгіён, дзе перасякаюцца мазырская, слуцкая, гродзенска-баранавіцкая і пінская гаворкі.
Гэта я вычытаў у адной разумнай кніжцы.

Вось што такое так званая Ганцаўшчына ў моўным аспекце.

Перайдзем да адміністрацыйнага падзелу.

Што было ў канцы XVII ст.

У час Вялікага Княства Літоўскага ўвесь цяперашні Ганцавіцкі раён уваходзіў у склад Наваградскага павета Наваградскага ваяводства.

Праз 13 год пасля маскоўскай навалы 1654—1667 гг. мітрапаліт Кіпрыян ІІ Жахоўскі даручыў правесці візітацыю ўніяцкіх цэркваў Менскага і Наваградскага сабораў. Матэрыялы візітацыі апублікаваны кандыдатам гістарычных навук Дзянісам Лісейчыкавым (сам ён з Ганцавіцкага раёна) у кнізе «Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680—1682 гг." (Мінск, 2009).

У склад Лактышоўскай парафіі ўваходзілі: Лактышы (Лагтышова), Будча, Нача, Чудзін; акрамя таго, капліца мелася ў Круговічах (яшчэ не было падзелу на Вялікія і Малыя).

У склад Дзяніскавіцкай парафіі ўваходзілі Дзяніскавічы, Шашкі і Еськавічы (тады Яськавічы).

У склад Галынкаўскай парафіі (цяпер Галынка ў Клецкім раёне) уваходзілі вёскі Востраў і Крышылавічы сучаснага Ганцавіцкага раёна.

Агарэвіцкая парафія на той час была праваслаўная. У яе склад уваходзіла в. Ганцавічы (не блытаць з сучасным горадам), дзе мелася капліца.

Што тычыцца поўдня цяперашняга Ганцавіцкага раёна (Хаценічы (Хатынічы) і Малкавічы), дык ён, мусіць, уваходзіў у склад Пінска-Тураўскай епархіі, і апісання гэтых парафіяў на той час я пакуль што не бачыў.

Адміністрацыйна-царкоўны падзел за царамі і Польшчаю

За царамі тэрыторыя сучаснага раёна трапіла ў склад Менскай губерні.

На пачатку ХХ ст. Хатыніцкая воласць з Малкавічамі, Люсінам, Макавам уваходзіла ў склад Пінскага павета. У склад Пінскага павета ўваходзілі і Задуб’е з Ліпскам, але гэта былі ўжо Дабраслаўская (у першым выпадку) і Лунінская воласці.

На поўначы раёна была Круговіцкая воласць Слуцкага павета.

Перад скасаваннем Уніі (1837) на тэрыторыі цяперашняга Ганцавіцкага раёна меліся як мінімум пяць рэлігійных цэнтраў: Дзяніскавічы, Круговічы, Лактышы, Малкавічы і Хатынічы.

Вёска Ганцавічы ўваходзіла ў Круговіцкую парафію; у ёй і ў Любашаве меліся толькі капліцы (у былым цэнтры парафіі — Агарэвічах — філіяльная царква).

Задуб’е належала да Малаплотніцкай парафіі (гэта Пінскі павет).

На жаль, не апублікаваны пакуль што звесткі пра Хатыніцкую парафію. А што яна мелася, сумненняў няма.

Прыблізна такі прыходскі падзел захаваўся і пасля скасавання Уніі (1839). Толькі трэба адзначыць, што ў другой палавіне ХІХ ст. пабудавалі цэрквы ў Чудзіне (1867) і Будчы (1896).

У 1921 г. Круговіцкая і Хатыніцкая воласці (цяпер яны называліся гмінамі) трапілі ў наваствораны Лунінецкі павет Палескага ваяводства. Пры гэтым вёскі Чудзін і Пярэвалакі былой Круговіцкай воласці былі далучаны да Чучавіцкай гміны. (За царом Чучавіцкая воласць уваходзіла ў склад Мазырскага павета). У Лунінецкім павеце (у Лунінскай гміне) апынуўся і Ліпск. Пабывала ў складзе Лунінецкага павета і Дабраслаўская гміна, але ў 1922 г. яе вярнулі ў Пінскі павет.

Адміністрацыйна-царкоўны падзел за саветамі

За саветамі Круговіцкая і Хатыніцкая гміны ўвайшлі ў Ганцавіцкі раён Пінскай вобласці. Да раёна далучылі таксама в. Задуб’е Дабраслаўскай гміны, Чудзін і Пярэвалакі Чучавіцкай гміны і Ліпск Лунінскай гміны.

Былую Хатыніцкую гміну падзялілі на чатыры сельсаветы: Хатыніцкі, Люсінскі, Малкавіцкі і Навасёлкаўскі (з 1954 г. — Свяціцкі). Да Малкавіцкага сельсавета дадалі Задуб’е і Ліпск.

Круговіцкую гміну падзялілі на Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Круговіцкі, Кукаўскі, Лактышоўскі. Стаў цэнтрам сельсавета і Чудзін. Асобна існавалі Ганцавіцкі пасялковы і Ганцавіцкі сельскі савет (вёскі Ганцавічы, Боркі, Любашава, Ельня і Сукач).

У 1957 г. Свяціцкі сельсавет перадалі Ляхавіцкаму раёну, а ў 1962-м у Ляхавіцкі раён трапілі і астатнія сельсаветы, апроч Малкавіцкага, які аддалі ў Лунінецкі раён. Самой сабой, Ганцавічы сталі простым гарпасёлкам Ляхавіцкага раёна.

Я быў сведкам аднаўлення Ганцавіцкага раёна ў 1966 годзе.

У рэлігійных адносінах увесь Ганцавіцкі раён пад канец савецкай улады належаў да Круговіцкага прыходу.

У Малкавічах мелася свая царква, у якой служыў айцец Леанід Каменцаў. За саветамі да Малкавіцкага прыходу было далучана Задуб’е. У 1970-я сакратар партыйнай арганізацыі мясцовага калгаса «Бальшавік» падгаварыў тутэйшых злыдняў спаліць царкву.

Ад сярэдзіны 1960-х не працавалі таксама хатыніцкая, будчанская і чудзінская цэрквы.

За Польшчаю былі пабудаваны касцёлы ў Ганцавічах (мураваны) і ў Малкавічах (драўляны). На месцы ганцавіцкага касцёла цяпер раённы дом культуры (у драўлянай плябані месціцца рэдакцыя «Савецкага Палесся»), а малкавіцкі касцёл разабралі на адзін з карпусоў дзіцячага дома. Цяпер на месцы малкавіцкага касцёла стаіць крыж. Дзетдом перастаў існаваць у 1960 годзе, потым у яго будынках была бальніца, а цяпер жывуць медработнікі.

Рыма-католікі Ганцавіцкага раёна сталі парафіянамі Мядзведзіцкага касцёла (Ляхавіцкі раён).

Наколькі ведаю, за Польшчаю і ў Ганцавічах, і ў Малкавічах сваіх сінагогаў не было — адно малітоўныя дамы. Па вайне яны не аднавіліся.

Чаму вылучыліся прыстанцыйныя Ганцавічы?

Ганцавічы (не вёска, а прыстанцыйнае паселішча, якое з’явілася на мапе год 125 таму), «выбіліся ў людзі» ў 1939 г.

За Польшчаю — да закрыцця Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі — у Ганцавічах меўся, здаецца, раённы камітэт КПЗБ. Гэта, мажліва, адзін з штрыхоў да гісторыі намінавання Ганцавіч на статус раённага цэнтру.

Пра іншыя аспекты піша ў сваім эсэ «Ганцаўшчына» Анатоль Трафімчык.

Хачу запярэчыць Анатолю Трафімчыку. Ганцавічы выраслі не толькі дзякуючы чыгунцы і актыўнасці габрэяў. Дзякуючы чыгунцы мог вылучыцца і прыстанцыйны пасёлак Малкавічы, дзе таксама жылі габрэі. У час Першай сусветнай (мясцовыя людзі называлі яе Мікалаеўскай) вайны тут знаходзіўся вялікі лазарэт, меліся склады боепрыпасаў і зброі.

Чаму Малкавічы спынілі свой рост, а Ганцавічы іх абагналі? Бо паўз Любашава ішоў стары тракт з Пінска на Клецк, а з Клецка дарога разыходзілася на Слуцк і (праз Ляхавічы) на Слонім.
Таму невыпадкова прыстанцыйныя Ганцавічы раслі ў бок Любашава, а не ў бок вёскі Ганцавічы. Хоць участак тракту Пінск-Ганцавічы яшчэ і ў 1960-я ў значнай частцы быў грунтовы, з Малкавіч ні да Пінска, ні да Лунінца, ні да Ганцавіч не было нават такой дарогі. (Старая дарога ад Малкавіч да Люсіна тройчы перасякала чыгунку: такая была яна звілістая і цяжкапраезная. Не лепшаю яна была і на ўчастку Люсіна-Ганцавічы).

Немалое значэнне мела і тое, што пасёлак Ганцавічы атрымаў статус раённага цэнтра.

Што такое статус заштатнага горада, відаць на прыкладзе Давыд-Гарадка, у якім перад Мікалаеўскай вайной жыло каля 17 тысяч чалавек і які толькі кароткі час пабыў раённым цэнтрам. У 1993 годзе у ім налічвалася ўжо 7,6 тысячы жыхароў. Затое Столін, у якім за царом было 3,3 тысячы жыхароў, вырас да 2000 года у 3,7 раза (12 200 жыхароў). Ведама, горад можа вырасці і застаючыся заштатным, але для гэтага патрэбныя асаблівыя ўмовы. Прыкладам, рабочы пасёлак Мікашэвічы, каля якога маюцца паклады граніту, па колькасці насельніцтва даганяе раённы цэнтр Лунінец.

Ці ёсць у Ганцавіцкага раёна перспектывы?

Я не цалкам згодны з Анатолем Трафімчыкам, калі ён сцвярджае, што пры падзеле Ганцавіцкага раёна паміж Лунінецкім і Ляхавіцкім раёнам была захавана этна-культурная тоеснасць. Да Лунінецкага раёна варт было далучыць Люсінскі і Хатыніцкі сельсаветы.

Вельмі цікава гучыць у тэксце Анатоля Трафімчыка наступны перыяд: «…адкрытым пытанне, наколькі працяглым па часе акажацца існаванне такога рэгіёна, як Ганцаўшчына. Гістарычная практыка схіляе да меркавання, што ў кантэксце дэмакратызацыі краіны Ганцавіцкі раён будзе скасаваны. А значыць і паняццю Ганцаўшчына прыйдзе канец. Гэты час зусім блізкі».

Беларусі не пашанцавала. Пры планавай «сацыялістычнай» гаспадарцы, асабліва ў паваенны час, па-дурному адбывалася размяшчэнне прадукцыйных сіл. У выніку Беларусь стала карлікам з вялікай галавой. (Памятаю гэты тэрмін — «карлік з вялікай галавой» — са школы. Ён азначае невялікую еўрапейскую краіну — Аўстрыю, Венгрыю, Грэцыю ды інш., — у якой вялікая сталіца.) Калі б не бальшавіцкая гігантаманія, магчыма, сталіца была б меншаю, затое пабольшалі б такія гарады, як Кобрын, Лунінец, Слонім, Наваградак…

Трэба канстатаваць відачоны факт: Ганцавіцкі раён дэградуе.

Тут брак мясцовай сыравіны для развіцця прамысловасці. Самае вялікае багацце — лясы — Ганцавіцкі леспрамгас вычарпаў, бадай, дарэшты.

Мінск высмоктвае працоўныя рэсурсы субрэгіёнаў. У тым ліку і Ганцавіцкага. Колькі ганцавіцкіх хлопцаў працуе ў Мінску і пад Мінскам, магу меркаваць па сваіх ўнучатых пляменніках. Але ж не толькі ў Мінску і пад Мінскам знаходзяць працу ганцаўцы, малкаўцы, люсінцы… Нешта забіраюць Баранавічы, Пінск і Лунінец. А таксама Расія.

Уцякаюць у буйныя цэнтры і прадпрымальныя людзі. Магу паказаць пальцам тых, хто асеў у Мінску і нават у Кіеве. (Ніколі не забуду апавяданне аднае задубенкі пра тое, як яе сын хацеў адкрыць сваю вытворчасць у Ганцавіцкім раёне і як плойма чыноўнікаў выстраілася ў чарзе да яго па грошы. Мой зямляк з’ехаў ва Украіну.)

Ганцавіцкі раён не дае нічога і ў творчым плане. Іван Лагвіновіч і Віктар Гардзей, здаецца, апошнія прыкметныя паэты з гэтай стараны.

У Ганцавіцкага раёна прыблізна такая перспектыва, як у Малкавічаў і Задуб’я.

У канцы 1950-х у Малкавічах працу людзям давалі: чыгуначная станцыя і ўчастак пуці, лесапункт, лесасклад, вузкакалейка, дэпо і сталоўка Ганцавіцкага леспрамгаса, лясніцтва, смалакурня, тартак, малочня, пякарня, сельпо (пяць крам у дадатак да леспрамгасаўскай і чыгуначнай), бальніца, сярэдняя і пачатковая школы, дзіцячы дом, клуб, бібліятэка… Двухпавярховая школа, пабудаваная ў 1954 годзе, працавала ў дзве змены.

Не ведаю, як сёлета, а два гады назад мяне ўражвала малкавіцкая карцінка.

Выходзіш з цягніка, падыходзіш да станцыйнага будынка і бачыш забітыя вокны былой леспрагасаўскай сталоўкі (ах, як смачна там гатавалі!). На былую леспрамгасаўскую краму, якая стаіць побач, таксама страшна глядзець. Пойдзеш налева — убачыш паўразвалены будынак былога сельпо, пойдзеш направа — убачыш занядбаныя мураваны будынак былога сельмага і колішні будынак сельсавета. Пра апусцелыя сялібы маўчу.

У Задуб’і бярэзнікам і лазняком зарастаюць былыя выганы і пляцы. Два гады назад на былой забярэзскай дарозе я ўжо не змог знайсці, дзе стаялі хаты маіх сваякоў. Затое пашыраюцца нашы могліцы.

Былы калгасны двор у Задуб’і выглядае як пасля налёту авіяцыі. Стаяць толькі панэльныя сцены былых хлявоў. Калі ж хлеў быў з блокаў, іх вывезлі жыхары Малой Плотніцы. (Задубенцам за грошы тыя блокі не прадавалі.)

Думаю: хто тут будзе гаспадарыць праз дзесяць год?

Весці сваю гаспадарку на шырокую нагу немагчыма. Дзеля эксперыменту адзін задубенец на пачатку нулявых узяў сабе 5 гектараў зямлі. Да 2009 г. ён ад тае зямлі адцураўся. Затое каля магазіна цэлы дзень ашываюцца мясцовыя алканаўты. Некаторыя і начуюць там.

Ага, у вёсцы Малкавічы, у Хатынічах і дзе там яшчэ пабудавалі аграгарадкі. Убухторылі грошыкі. Няма сумневаў, што

аграгарадкі чакае такі ж лёс, як і вёскі, якія на пачатку 1960-х былі названыя перспектыўнымі.

Раней ці пазней — хоць бы дзеля адных дэмаграфічных прычынаў — Ганцавіцкі раён давядзецца скасаваць і падзяліць.

Нашы эканомгеографы ўжо даўно маюць план новага адміністрацыйнага падзелу краіны. Не ведаю канкрэтыкі, але магу сказаць: тая частка Ганцавіцкага раёна, што ўваходзіла ў Слуцкі павет, несумненна трапіць у Баранавіцкі павет (акругу), бо і з Ляхавіцкага раёна высмоктваюцца працоўныя рэсурсы. Малкавіцкі і Люсінскі сельсаветы хутчэй за ўсё стануць часткаю Лунінецкага павета (акругі).

Калі сыходзіць з этнакультурных меркаванняў, да Лунінца варта было б далучыць і Хатыніцкі сельсавет. Але тут праблема камунікацый. Паспрабуйце напрамкі і без праблем праехаць з Задуб’я ў Хатынічы і Люсіна ці з Люсіна ў Хатынічы. Дарога з Задуб’я ў Забярэззе (5 вёрст) гэтак зарасла і запушчана, што задубенцы, замест таго каб ехаць у Хатынічы ці ў той жа Пінск па тракту Пінск-Ганцавічы, вымушаныя даваць кругаля і дабірацца на аўтамабілях у Хатынічы праз Малкавічы-Ганцавічы, а ў Пінск — праз Малкавічы-Лунінец.

Не выключана, што малазаселены, лясіста-балоцісты поўдзень Ганцавіцкага раёна пры ўмове забалочвання тарфянікаў можа з часам ператварыцца ў запаведнік ці то заказнік (Ялоўскі журавінавы ўжо маецца).

Ганцавічы чакае непазбежнае развітанне са статусам раённага цэнтра, а самому паняццю «Ганцаўшчына» — і тут я цалкам згодны з Анатолем Трафімчыкам — прыйдзе канец.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?