Такі вынік вайны паміж варагуючымі кланамі ў горадзе Галькаё ў цэнтральнай частцы краіны.

У выніку сутыкненняў паміж варагуючымі кланамі ў горадзе Галькаё ў цэнтральнай частцы Самалі загінулі па меншай меры 30 чалавек і каля 100 атрымалі раненні. Шпіталь у Галькайо, у якім працуюць супрацоўнікі міжнароднай гуманітарнай арганізацыі «Урачы без межаў», ледзь спраўляецца з наплывам людзей, што маюць патрэбу ў дапамозе.

Відавочцы сцвярджаюць, што ў ходзе баёў на тэрыторыі жылых кварталаў горада бакі ўжывалі цяжкую артылерыю. Па іх словах, у сутыкненнях удзельнічалі баевікі з правінцыі Пунтланд і члены ісламісцкай арганізацыі, звязанай з радыкальнай групоўкай «Аш-Шабаб».

Прэм’ер-міністр Самалі Абдывелі Махамед Алі заклікаў варагуючых спыніць узброеную барацьбу і сесці за стол перамоваў. ААН, тым часам, папярэджвае пра пагаршэнне гуманітарнай сітуацыі ў Самалі.

Краіна ахоплена засухай, і большасці яе паўднёвых раёнаў пагражае масавы голад, расце ўзровень смяротнасці, сярод жыхароў працягваюць распаўсюджвацца інфекцыйныя хваробы.

Агенцтва ААН, якое займаецца дапамогай бежанцам, паведамляе, што баявікі ісламісцкага радыкальнага руху «Аш-Шабаб», якія кантралююць большую частку поўдня Самалі, па-ранейшаму абмяжоўваюць перамяшчэнне людзей у сваіх раёнах. Паводле дадзеных міжнародных арганізацый, ад засухі, якая ахапіла тэрыторыю Афрыканскага рога, да цяперашняга моманту пацярпелі больш за 12 млн чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?