Карціна 1956 году “Міколка-паравоз”, пастаўленая паводле кнігі Міхася Лынькова – гэта прапаганда гнюсных антыдзяржаўных паводзінаў, скіраваная да самай уразьлівай – дзіцячай – аўдыторыі. Дзетак вучаць: 1) раскідваць апазыцыйныя ўлёткі; 2) зрываць ганаровыя сустрэчы цара-бацюхны (для гэтага трэба закінуць дохлую кошку ў трубу); і – нарэшце – маладых грамадзянаў квітнеючай Беларусі падбіваюць да перавозкі зброі (!) пад выглядам пахавальнай працэсіі.

Рэвалюцыйныя прыгоды хлопчыка Міколкі пад кіраўніцтвам рэцыдывіста-дзеда пастаўленыя знаўцам дзіцячае псыхалёгіі Левам Голубам, што толькі абцяжарвае правіны. Сёньня кожны беларускі партызанскі фільм – гэта заклік да падрыўных дзеяньняў…

Мілае дзіцячае кіно, актуальнае з кожным днём усё болей і болей.

“Лад”, 13.30

“Міколка-паравоз”

Беларусь, 1956, каляровы, 85 хв.

Рэжысэр: Леў Голуб

Ролі выконваюць: В.Гуськоў, Г.Гумілеўскі, Л.Іванова, Н.Бармін, С.Хацкевіч, А.Бялоў, С.Троіцкі

Жанр: Дзіцячыя прыгоды паводле аднайменнага раману Міхася Лынькова

Адзнака: 6 (з 10)

Ёсьць расейскамоўная – і беларускамоўная вэрсія “Міколкі-паравоза”. Але, найхутчэй, паказана будзе расейскамоўная.

Новая праграма з Аксанай Вечар

Тэлеканал “Лад” парадаваў густоўнаю перадачаю. 45-хвілінная “Проста праграма” ідзе па серадах увечары. Яна ня мае дакладнай прывязкі да канкрэтнага часу і, у залежнасьці ад тыдня, можа зьявіцца а 22.30 ці ў 00.15 – але гэную праграму варта не прапусьціць.

Па-першае, перадача ідзе на добрай беларускай мове, што нашымі часамі ўжо выглядае сэнсацыяй.

Па-другое, гэтая перадача добра зроблена. Аўтарка і вядоўца Аксана Вечар вядзе ў трапна аформленай студыі гутарку з запрошаным госьцем. У гутарку ўплятаюцца міні-фільмы, інтэрвію-аповеды, анімацыя.

Але тэлевізійны каляж у праграме Аксаны Вечар – майстэрскі й натуральны. Пацьвярджаецца старое правіла: на тэлевізіі цікавыя тыя перадачы, аўтары якіх ёсьць асобамі.

Хаця твор Аксаны Вечар сьціпла называецца “Проста праграма” – гэта ня проста праграма, а падарунак для ўсіх, хто згаладаўся па нармальнай беларускай тэлевізіі.

“Лад”, 22.30

"Проста праграма"

Беларусь, 2007, каляровая і чорна-белая, 45 хв.

Аўтар і вядоўца: Аксана Вечар.

Паглядзіце – не пашкадуеце!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?