Зборная Беларусі заняла 20-е месца ў медальным заліку на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які завяршыўся сёння ў паўднёвакарэйскім Тэгу.
У актыве зборнай Беларусі два медалі, і абодва — у штурханні ядра.
Серабро ў жаночых спаборніцтвах заваявала Надзея Астапчук, бронзу сярод мужчын здабыў Андрэй Міхневіч. За срэбра ад Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі належыць $30 тыс. прызавых, за бронзу — $20 тыс.
Для беларускіх спартсменаў цяперашні сусветны форум у Тэгу стаў ужо 10-м у суверэннай гісторыі. Пачынаючы з 1993 года нашымі лёгкаатлетамі зараз ужо заваявана 36 медалёў (10 залатых, 14 сярэбраных, 12 бронзавых). Жанчыны здабылі 20 узнагарод (6, 8, 6), мужчыны — 16 (4, 6, 6). Самымі ўраджайнымі на медалі (па 7) былі сусветныя форумы ў Гётэборгу-1995 (2, 3, 2) і Парыжы-2003 (3, 1, 3). Зусім без узнагарод беларусы вярталіся з сусветных форумаў двойчы — з Севільі-1999 і Берліна-2009. Чэмпіянат свету ў Тэгу-2011 з двума заваяванымі ўзнагародамі — трэці ў спісе найменш удалых планетарных першынстваў.
У 13-м чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў паўднёвакарэйскім Тэгу прымалі ўдзел 1945 атлетаў з 202 краін. У лік лідараў медальнага заліку ўвайшлі ЗША (12 залатых узнагарод, 8 сярэбраных, 5 бронзавых), Расія (9, 4, 6) і Кенія (7, 6, 4), Ямайка (4, 4, 1), Германія (3, 3, 1), Вялікабрытанія (2, 4, 1), Кітай (1, 2, 1). Усяго медалі заваявалі прадстаўнікі 41 краіны.
БелТА
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ