«Я і сам заспяваў на беларускай мове. Напрыклад, песня „Країна мрій“ перакладзеная на беларускую і хутка будзе прэзентаваная слухачу», — прызнаўся ўкраінскі спявак на фольк-фэсце «Камяніца».

Фестываль прайшоў у Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо (Менскі раён) і сабраў некалькі тысячаў гасцей усіх узростаў. У ім удзельнічалі этнагурты «Стары Ольса», «Госціца», «Osimira», «Хоха Бэнд», «Ветах», этна-трыа «Троіца», а таксама дуэт «Аляксандра і Канстанцін» і лідар украінскага рок-гурта «Воплі Відоплясова» Алег Скрыпка, прысутнасць якога надала імпрэзе міжнародны характар.

«На канцэртах я выконваю сваю музыку, ну і рэміксы іншых выканаўцаў ці народную творчасць, — падзяліўся музыка на прэс-канферэнцыі. — А тут я магу паказаць добрую палітру музыкі — як бы маё меркаванне пра тое, які сённяшні музычны свет. Тое, што я выконваю на дыскатэцы, — гэта мая фантазія. Асабліва рады, што я ў гасцях у вас у Беларусі. Бо прыстойную частку маёй праграмы складае беларуская музыка. У тым ліку арыгінальныя трэкі гурта „Троіца“, рэміксы на „Палац“, яшчэ некалькі кампазіцыяў. Мне падабаецца тэндэнцыя уплятання ды-джэйскай музыкі ў этнічныя фестывалі. Думаю, гэта правільна, гэта пашырэнне кола публікі ды той музыкі, якая звяртаецца да этнічнай тэмы».

Скрыпка прызнаўся, што ў яго — чвэрць беларускай крыві, і што беларускія артысты — сталыя хэдлайнэры папулярнага ўкраінскага фестывалю «Країна мрій».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?