На пытанні адказвае Мікола Галабародзька ([email protected]), лекар?інфекцыяніст, аспірант кафедры інфекцыйных хваробаў Беларускай медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— «Грып» у перакладзе з французскай азначае «знянацку хапаць», «душыць». Звычайна менавіта так ён сябе і паводзіць: штозіму грып «хапае», каго лягчэй, каго цяжэй, патроху «душыць» усіх незалежна ад статусу, узросту ці сэксуальнай арыентацыі. У наш прагрэсіўны час можна даволі лёгка прадухіліць заражэнне грыпам ці прынамсі палегчыць ягонае цячэнне. Каб набыць адпорнасць да заразы, дастаткова прышчапіцца.

Прышчэпкі, якія яшчэ летась былі даступныя шырокім колам беларусаў праз паліклінікі, зараз трэба шукаць па медычных фірмах.

У народзе існуе думка, што грып - лёгкая зараза: варта перачакаць - і сама пройдзе. Небеспадстаўна: шмат хто хварэе на грып сапраўды лёгка, адно што «выбіваецца з каляіны» на пэўны тэрмін. Аднак ёсць групы рызыкі: гэта, па-першае, дзеці (асабліва ад 2 да 5 год) і старыя (больш за 65 гадоў), у якіх грып звычайна працякае цяжэй і выклікае шэраг ускладненняў. У час эпідэміі грыпу прыкметна падвышаецца колькасць гіпертанічных крызаў, інфарктаў сэрца і дыябетычных комаў. У дзяцей гэтая інфекцыя ўскладняецца бранхітамі, пнеўманіямі, запаленнем вуха ды іншымі паталогіямі. На жаль, штогод хто-небудзь гіне ад ускладненняў грыпа.

Безумоўна, усіх тых, каму пагражае небяспека ад грыпу, - дзяцей, старых, хранічна хворых - трэба прышчапіць.

Адпорнасць развіваецца ўжо праз два-тры тыдні пасля ўвядзення вакцыны і трымаецца на працягу года. Больш доўгае дзеянне і не патрэбна - пошасці грыпу штогод выклікаюцца рознымі тыпамі вірусаў і рознымі іх спалучэннямі. Таму кожны год сінтэзуецца адмысловая прышчэпка.

Прышчапіцца не позна і зараз, бо самы разгар пошасці яшчэ наперадзе - па прагнозах лекараў ён надыдзе бліжэй да лютага-сакавіка. Трэба памятаць, што самы цяжкі грып, той, што з процьмай ускладненняў, надараецца напрыканцы эпідэміі, недзе ў сакавіку.

На Беларусі даступныя некалькі прышчэпак. Нашыя паліклінікі для імунізацыі часта і працягла хварэючых людзей (спытайцеся ў вашага ўчастковага лекара, ці не падпадаеце пад гэтую катэгорыю вы ці вашыя дзеці) забяспечаны так званай цэльнавірыённай вакцынай. Яна выкарыстоўваецца толькі для людзей, старэйшых за 7 год. Прышчапіцца ў паліклініцы, калі пашанцуе, можна задарма.

Медычныя фірмы закупаюць больш дарагія, але больш ачышчаныя, таму больш бяспечныя і эфектыўныя вакцыны - субадзінкавыя «Грыпол» (расійская і, дарэчы, калі набываць у Расіі, таннейшая) і «Інфлювак» (SolvayPharma), так званыя спліт-вакцыны, яшчэ больш чыстыя - «Ваксігрып» (AventisPasteur) і «Флюарыкс» (SmithKline Beecham). Гэтыя прышчэпкі могуць выкарыстоўвацца ў дзяцей з 6 меcячнага ўзросту. Каштуюць яны ад 5 да 10 даляраў. Безумоўна, лепш выдаткаваць гэтыя грошы зараз, на прафілактыку, чым потым, на лекі і працэдуры.

І нават калі Вы і Вашыя родныя ўжо прышчапіліся, маеце адпорнасць - калі ласка, не забывайцеся на традыцыйныя сродкі засцярогі ад грыпу: добры настрой, здаровы лад жыцця, чысціня, ужыванне полівітамінаў, адаптагенаў (элеўтэракок, жэньшэнь ды інш), мёду і бабулінага сочыва з маліны.

Бывайце здаровыя!

Фота з блогу thierrynardoux.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?