Такое меркаванне выказаў БелаПАН міністр культуры Павел Латушка 4 верасня на XVIII Дні беларускага пісьменства ў Ганцавічах (Брэсцкая вобласць).

«Неабходна пачаць абмеркаванне і прыняць адпаведныя рашэнні, звязаныя з папулярызацыяй чытання ў Беларусі», — лічыць міністр. «Тыя аналізы, якія паводле нашай прапановы рабіла Нацыянальная бібліятэка і якія мы маем, паказваюць, што моладзь — дзеці, падлеткі — чытае ўсё менш і менш, у гэтым праблема», — сказаў ён.

Паводле слоў чыноўніка, праблема нізкага ўзроўню чытання ў краіне з’яўляецца «агульнадзяржаўнай і грамадскай». Латушка адзначыў, што аналагічнае пытанне стаіць перад многімі дзяржавамі, «Беларусь не выключэнне».

Міністр прывёў статыстычныя звесткі, згодна з якімі

«толькі 40% дзяцей ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў чытаюць пастаянна, падлеткаў — 23%».

«Мы павінны падумаць пра неабходнасць прыняцця нацыянальнай праграмы па садзейнічанні чытанню ў нашай краіне. Мы спадзяемся, што гэту прапанову Міністэрства культуры падтрымаюць і іншыя міністэрствы і ведамствы», — сказаў Латушка.

Наяўнасць гэтай праблемы пацвердзілі БелаПАН і работнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Ганцавічах. Паводле слоў супрацоўніцы аддзела абанемента Святланы Івановіч, «чытае яшчэ насельніцтва сярэдняга ўзросту, а

вось моладзь, школьнікі — вельмі мала наведваюць».
Івановіч адзначыла, што ў асноўным карыстаецца попытам сучасная літаратура.

Яе калега Святлана Курылік дадала, што ў бібліятэцы пачалі з’яўляцца аўдыякнігі, з якімі мясцовыя жыхары знаёмяцца больш ахвотна. «У нас цяпер ёсць кампакт-дыскі з творамі, напрыклад, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа. Многія людзі занадта занятыя, каб чытаць, таму бяруць паслухаць. Напрыклад, мясцовая інтэлігенцыя прыходзіць, доктар, нават міліцыянер», — сказала яна.

Нягледзячы на тое што аўдыякніга ў Ганцавічах карыстаецца большай папулярнасцю, чым яе традыцыйны варыянт, супрацоўніцы бібліятэкі выказалі меркаванне, што «дыскі ніколі не заменяць кнігу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?