Як незалежныя прафсаюзы ацэньваюць сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі?

У краіне сацыяльна-эканамічны крызіс. Дэвальвацыя нацыянальнай валюты прывяла да таго, што з пачатку года заробкі працаўнікоў (у доларавым эквіваленце) ўпалі ў 2 разы, рэзка выраслі кошты. Інфляцыя з пачатку года склала 41%. Павялічылася прорва паміж даходамі беларусаў і жыхароў краін-суседзяў. Раней афіцыёз "рабіў піяр" на гэтай тэме, заяўляючы, які высокі ў Беларусі ўзровень заробкаў, пенсій. Цяпер аб гэтым маўчаць, бо у РФ сярэдняя зарплата ў 3 разы вышэйшая за беларускую, а цэны на многія тавары ў Беларусі наблізіліся да расійскіх (напрыклад, на прадукты харчавання). У параўнанні з суседнімі краінамі ЕС кантраст яшчэ мацнейшы: калі беларус атрымлівае менш за 300, то літовец - $ 1,1 тыс., паляк - каля $ 1,4 тыс. Да нашага сораму і ганьбы, Беларусь па ўзроўні заробкаў апусцілася на апошняе месца ў Еўропе, пацясніўшы з яго шматпакутную Малдову.

У працоўных калектывах беларускіх прадпрыемстваў - і гэта факт - наспела сур'ёзная незадаволенасць курсам, які праводзіцца ўладамі. Яна не выліваецца ў масавыя пратэсты шмат у чым таму, што дзейнічае рабская сістэма тэрміновых працоўных кантрактаў і людзі банальна баяцца звальненняў з усімі вынікаючымі з гэтага ва ўмовах крызісу наступствамі.

Сёння відавочна: эканамічны курс беларускіх уладаў пацярпеў банкруцтва. Цяперашняя камандна-адміністрацыйная мадэль кіравання эканомікай павінна быць заменена цывілізаванай рынкавай. ФПБ вуснамі свайго кіраўніцтва агучыла арыгінальны спосаб мабілізацыі грамадства ў крызісны перыяд - вылучыць прэзідэнта Лукашэнкі на атрыманне Нобелеўскай прэміі. Належным чынам ацэньваючы чорны гумар нашых калег-апанентаў, мы патрабуем ад імя ўсіх працоўных іншае - прынцыповай змены сацыяльна-эканамічнай палітыкі, выпрацоўкі новага эканамічнага курсу, які забяспечвае аднаўленне ўзроўню даходаў працоўных.

Якія прапановы незалежных прафсаюзаў па выхаду з наяўнай сітуацыі?

У траўні БКДП прыняў заяву з патрабаваннем адстаўкі ўраду, дзеянні якога прывялі да самога вострага эканамічнага крызісу ў сучаснай гісторыі дзяржавы.

Перад беларускімі ўладамі стаіць няпросты выбар, і гэта выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Першы варыянт - цяжкі, але адкрывае краіне перспектыву - рашыцца на эканамічную лібералізацыю, сістэмныя рэформы, развіццё малога і сярэдняга бізнэсу Г.зн. праходжанне таго шляху, які прайшлі постсавецкія краіны, у тым ліку і Расія ў 90-х. Другі варыянт - спрабаваць латаць дзюры збанкрутавалай камандна-адміністрацыйнай сістэмы, спісваць ўзніклыя эканамічныя праблемы на асобныя памылкі высокапастаўленых чыноўнікаў і да т.п. Падобна, улады не здольныя на мужны крок і абралі другі шлях, не жадаючы рэальных эканамічных пераўтварэнняў, успрымаючы іх як пагрозу існаванню аўтарытарнай палітычнай сістэмы.

Зноў узяла верх логіка: "ноч прастаяць ды дзень пратрымацца", перахапіць крэдыты ў Расіі, ЕўрАзЭС, МВФ. Усё гэта вядзе, у канчатковым выніку, да яшчэ большай страты часу, да найцяжэйшых наступстваў, якія непасільным цяжарам лягуць на плечы працоўных, усяго насельніцтва краіны. Мы заклікаем улады, пакуль не позна - зрабіць даўно наспелыя захады па лібералізацыі, пераходу да рынкавай эканомікі. Але пакуль няма прыкмет, якія пацвярджаюць іх гатоўнасць адмовіцца ад архаічнага ў XXI стагоддзі "ручнога" кіравання эканомікай і ажыццявіць неабходныя пераўтварэнні.

Калі сітуацыя будзе развівацца па неспрыяльнага сцэнары, незалежныя прафсаюзы будуць заклікаць да акцый пратэсту?

БКДП прынцыпова супраць спекуляцый на праблемах, народжаных сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў. Заклік да масавага выхаду працоўных у гэты момант - танны, недарэчны папулізм. Але калі мы не ўбачым з іх боку намеру выпрацаваць і рэалізаваць адказную праграму дзеянняў па выхадзе з найцяжэйшага эканамічнага крызісу, у які яны кінулі краіну, то пакідаем за сабой права на любыя дзеянні па абароне законных правоў і інтарэсаў працоўных, адэкватныя той сітуацыі, якая склалася ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?