Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў праінфармаваў 5 верасня Аляксандра Лукашэнку аб рабоце па стварэнні ў краіне Следчага камітэта. На нарадзе 2 жніўня па пытанні ўдасканалення сістэмы органаў папярэдняга расследавання кіраўнік дзяржавы даручыў, каб такая структура пачала работу з 1 студзеня 2012 года.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, «работа па стварэнні Следчага камітэта ідзе ў планавым парадку». Цяпер распрацаваны праект адпаведнага ўказа, у якім вызначаны функцыі, структура, статус усіх супрацоўнікаў, парадак фінансавання новай структуры і іншыя пытанні.

На працягу месяца плануецца вызначыць штатную колькасць Следчага камітэта і яго цэнтральнага апарату, а праз два месяцы будзе распрацавана палажэнне аб Следчым камітэце. Дакументы прадставяць на зацвярджэнне прэзідэнту.

На думку Мальцава, стварэнне Следчага камітэта дазволіць узмацніць абарону грамадзян у прававых адносінах, бо гэтая структура будзе падпарадкоўвацца наўпрост кіраўніку дзяржавы, што дазволіць пазбегнуць ведамаснага ціску і максімальна выключыць магчымасць неабгрунтаванага прыцягнення да адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?