Ірына Халіп адправілася 7 верасня ў наваполацкую калонію (Віцебская вобласць) на доўгатэрміновае спатканне з мужам, былым кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым.

Халіп сама з’яўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Журналістка прыгаворана да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. «Таму супрацоўнікі міліцыі, якія ажыццяўляюць нагляд за мной, павінны выдаць мне маршрутны ліст, прыкладна такі, які выдаюць вадзіцелям-дальнабойшчыкам. І я павінна яго адзначаць», — сказала яна БелаПАН.

«Маршрутны ліст уяўляе сабой прыкладна ліст камандзіровачнага ў савецкія часы: у ім указана дата асуджэння, тэрмін пакарання, орган, які выдаў гэты ліст. У калоніі я павінна зрабіць адзнакі ў адміністрацыі: калі прыбыла, калі выбыла. Пасля вяртання — здаць у міліцыю», — растлумачыла Халіп.

Яна разлічвае паразмаўляць з мужам не «праз шкло», а асабіста. «

Я раскажу яму аб тым, што адбывалася апошнім часам, і маю намер пачуць аб тым, што адбывалася з ім у зняволенні»,
 — адзначыла Халіп.

Яна не стала браць з сабой на спатканне сына Данііла. «Гэта было б бесчалавечна — замыкаць маленькага хлопчыка ў маленькім пакоі ў чатырох сценах на двое сутак. Калі ў калоніі ў Віцебску, напрыклад, дзе знаходзіцца Аляксандр Атрошчанкаў (прэс-сакратар Саннікава падчас выбараў, прыгавораны да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), ёсць унутраныя прагулачныя дворыкі, куды можна вывесці дзіця пагуляць, то ў калоніі ў Наваполацку такой магчымасці няма», — сказала Халіп.

Жонка вязе Саннікаву яго любімыя стравы.

«Я не ведаю, як ён усё гэта з’есць, але яму давядзецца.
Плоў, катлеты, адбіўныя, гуляш. Пірагі ад яго маці Алы Уладзіміраўны. І яшчэ вельмі шмат усялякіх ласункаў», — сказала Халіп.

Яна спадзяецца, што спатканне пройдзе без ускладненняў. Пакінуць калонію ў Наваполацку яна павінна 9 верасня.

14 мая суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў без задавальнення касацыйную скаргу палітыка.

Глядзі яшчэ: Ірына Халіп: Я не пазнала Саннікава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?