Пасьля зьніжэньня выбарчага цэнзу да 16 гадоў чатыры гімназісты заснавалі партыю і сталі трэцяй палітычнай сілай у горадзе. А таксама: як арганізаванае мясцовае самакіраваньне і як праходзяць мясцовыя выбары ў Нямеччыне? Піша Інга Пэтц.

1998 год. Сьвет, здавалася, нейкім дзіўным чынам выйшаў з каляіны. «Кайзэрсьляўтэрн» адразу ж пасьля ўваходу ў бундэсьлігу стаў чэмпіёнам Нямеччыны. Францыя — чэмпіёнам сьвету ў футболе. Ян Ульрых ня выйграў Tour de France. Гэльмут Коль і Хрысьціянска‑дэмакратычны зьвяз упершыню за 16 год прайгралі выбары ў бундэстаг. Нават у Мангайме, мястэчку між Кёльнам і Дусэльдорфам з 43 тыс. жыхароў, пачынала тварыцца нешта неймавернае. Халодным сьнежаньскім днём чацьвёра падлеткаў сустрэлася ў дзіцячым пакоі. Між імі быў Даніель Цымэрман, 17‑гадовы бялявы хлопец з жывымі вачмі і сьветлымі думкамі. «Мы хацелі нешта арганізаваць, — узгадвае ён. — Нешта вясёлае. Нам хацелася пасваволіць». Чатыры галавы думалі. Заснаваць гурт? Неарыгінальна. Тэатральную трупу? Надта бяскрыўдна. І тут узьнікла ідэя, якую Цымэрману і яго паплечнікам адразу ж удалося ажыцьцявіць. Ідэя, якая пасьля натхніла бурмістра Мангайму Томаса Дунхгайма на выказваньне: «Яны рабілі тут гісторыю». Такое палітыкі, можа, і ахвотна кажуць, але не пра іншых. Гімназісты рабілі гісторыю. Яны заснавалі партыю і назвалі яе «Пэто» (Peto — лац. «я патрабую»). Сярэдні ўзрост кіраўніцтва: 18,7 году. Мэты зразумелыя: моладзевую кавярню, танейшыя квіткі на аўтобус, начную лінію аўтобусаў. Не рэвалюцыйныя ідэі, якія зьмяняюць сьвет, аднак усё ж прагматычныя, яны мусілі зьмяніць сьвет у Мангайме.

Мэты зразумелыя: моладзевую кавярню, танейшыя квіткі на аўтобус, начную лінію аўтобусаў.

Партыі і грамадзянскія ініцыятывы ў Нямеччыне ўвесь час нехта засноўвае. Але каб вучні? Хіба іх не дастала, як вынікае з шматлікіх апытаньняў, палітыка і партыі? Цымэрман прызнаецца, што яго ня надта цікавіла палітыка. «Ну толькі ў цэлым. Але партыйная палітыка?!» Не, выкрыквае ён, як быццам ягоныя погляды і сёньня не зьмяніліся. «Мы былі ўсё ж крыху наіўныя». Як ён мог ведаць, што стане кіраўніком фракцыі і мясцовая прэса будзе ўтрапёна хваліць яго за прамовы на тэму бюджэту? «Нам нічога так моцна не перашкаджала, каб мы толькі таму хацелі нешта зьмяніць. Не, мы хацелі выпрабаваць сілы. Каб ведаць, чаго вартыя. Гэта было нашай мэтай». Цымэрман — не крыкун і не крытыкан. Ён старанна выбірае словы. Можна было б назваць яго дзялком цьвярозага розуму альбо «зялёным» з рэалістычнай арыентацыяй. Аднойчы ў інтэрвію газэце адной марксісцкай партыі з Руршчыны ён мусіў тлумачыць, чаму «Пэто» не арганізоўвала мітынгаў. Гэта ж, як сьцьвярджаў інтэрвіюэр, найлепшы шлях прыцягнуць да сябе ўвагу. Інтэрвію не было надрукаванае. «Пэўна, мы для іх недастаткова радыкальныя, — кажа Цымэрман. — Але ўсё залежыць ад таго, што разумець пад словам радыкальны. Можна стаць заўважным і іншым чынам».

Напрыклад: канструктыўна выступаць у камунальнай палітыцы ў абарону моладзі. «Пэто» хацела, аднак, зрабіць нешта «ўласнае». І якраз таму не далучылася да моладзевых саюзаў папулярных партыяў. Цымэрман казаў: «У нас не было жаданьня сядзець сьпярша шэсьць гадоў у цёмных каморках ХДЗ ці СДПГ (Сацыял‑дэмакратычная партыя Германіі), гатаваць каву і цягаць паперы. Паводле дэвізу «Глядзі, перш чым казаць» «Пэто» хацела сама займацца палітыкай і пры тым адразу ж — тут і цяпер.

Лёзунг «Пэто» гучыць: «Мы ня справа, мы ня зьлева. Мы наперадзе».

Камунальная палітыка адкрытая такому піянэрскаму духу і жаданьню дзейнічаць. Прынамсі, фармальна. На камунальных выбарах адсутнічае 5‑адсоткавы бар’ер і ў некаторых землях, як у Паўночным Рэйне — Вэстфаліі, галасаваць можна з 16 год. «Нам было патрэбна каля 1000 галасоў, каб здабыць адно месца ў Радзе. І гэта не было немагчыма». Пэто змагаецца за паляпшэньне дзіцячай і моладзевай палітыкі, увядзеньне нядзелі, вольнай ад машын, за стварэньне адукацыйных месцаў. І неафіцыйна за рэформу камунальнай палітыкі. Прэч застылыя партыйныя лягеры, неабходныя гнуткія большасьці, «што ўтвараюцца ў залежнасьці ад сытуацыі». Гэта мара Цымэрмана. Рэалізацыя якой, — згаджаецца ён, — адбудзецца няхутка. Усё яшчэ сядзіць у галовах тое, што толькі фракцыя вызначае лінію». Таму яны і ня хочуць палітычна падпарадкоўвацца. Лёзунг «Пэто» гучыць: «Мы ня справа, мы ня зьлева. Мы наперадзе».

«Яны працуюць вельмі канструктыўна. Гэта не натурыстая партыя, што заўсёды толькі супраць і ладзіць шуміху, — кажа дасьледчык партыяў Ульрых фон Алеман з Дусэльдорфскага ўнівэрсытэту. — Дробязны нэгатывізм, які звычайна пануе ў грамадзянскіх ініцыятывах і партыях, тут замянілі сьвежымі ідэямі. На пару з інтэлектуальным патэнцыялам і грамадзянскай падаплёкай». Жыхарам Мангайму спадабаўся сьвежы вецер зь дзіцячага пакою. На камунальных выбарах у 1999 г. партыя здабыла 6,1% — адпаведна 2 месцы ў Радзе. Цымэрмана там не было. Яму было тады ўсяго 17 год. Каб быць у Радзе, трэба было мець прынамсі 18. Аднак ён выступаў у ток‑шоў, тлумачыў, чаму ў Мангайме некаторыя рэчы здаваліся іншымі, чым па ўсёй краіне. Журналісты прыяжджалі ў горад на Райне рабіць рэпартажы пра пасьпяховых заснавальнікаў партыі. І сёй‑той з традыцыйных палітыкаў зелянеў з зайздрасьці, што нейкім вучням надаецца такая ўвага. Адзін сябра Гарадзкой рады ад ХДЗ сказаў неяк у інтэрвію: «Гэта добра, што моладзь бярэ ўдзел. Але было б яшчэ лепш, калі б яны далучыліся да нас». Шмат хто лічыў дасягненьне «Пэто» аднадзённым посьпехам ці няшчасным выпадкам на вытворчасьці. Але атрымалася насамрэч сапраўдная гісторыя посьпеху. У 2004 г., на наступных камунальных выбарах, «Пэто» атрымала 16,6%. Партыя заняла сем месцаў у Радзе, пакінуўшы Свабоднай дэмакратычнай партыі (2 месцы), традыцыйнай трэцяй сіле ў Нямеччыне, былую камору, якую «Пэто» выкарыстоўвала да гэтага часу ў якасьці фракцыйнага офісу. Ззаду засталіся і «зялёныя» (2 месцы). «Пэто» стала трэцяй палітычнай сілай у Мангайме пасьля ХДЗ (18) і СДПН (11). Першыя пяць гадоў уплыў «Пэто» ў Радзе быў нязначным, але сёньня ні СДПН, ні ХДЗ ня могуць атрымаць большасьці бяз школьнікаў.

Сёй‑той з традыцыйных палітыкаў зелянеў з зайздрасьці, што нейкім вучням надаецца такая ўвага.

Паўстае пытаньне: як гэта ўсё магло здарыцца? «Іншыя партыі лічылі, што нас абралі з пратэсту. Я так ня думаю, — кажа Цымэрман. — Жыхары Мангайму ўбачылі, што мы можам і што мы спрабуем зламаць старыя лягеры. Больш за палову моладзі абрала нас. І дарослыя, канечне, таксама, інакш мы б не набралі 16%». Падчас выбарчай кампаніі ўсе кандыдаты ад «Пэто» красаваліся на вялізным постэры на фоне Райну. На ім стаяла: «Зорка — гэта каманда», «Наш камандны дух — найлепшы рэцэпт посьпеху». Мы ўжо даўно ведаем адно аднаго, часткова нават сябруем. Гэткім чынам, нам, канечне ж, прасьцей спрачацца міжсобку. Да таго ж мы, хоць крыху і дзёрзкія, але заўсёды спрабуем знайсьці найлепшае рашэньне». Напрыклад, у 2000‑м у Радзе ішла гаворка пра тое, каб надаць адной вуліцы новае імя. «Пэто» прапанавала — «Гасьцінец валасянкі‑чорнагаловіка». «Гэта від птушак, якім у нашай мясцовасьці пагражае выміраньне, — сказала колішняя сяброўка Гарадзкой рады Юліяна Войгт. — Мы хочам, каб жыхары Мангайму вывучылі нешта новае». Але ХДЗ не схацеў. У яго тады была абсалютная большасьць. Рашэньне было прынятае на карысьць больш традыцыйнага «Савінага гасьцінцу».

«Мы ня гонімся за эфэктамі ці пасадамі, мы займаемся сур’ёзнай палітыкай, — тлумачыць Ліза Рыдэль. — Мы можам нават працаваць надпартыйна: сябры «Пэто» маюць розныя палітычныя погляды. Мы хочам рабіць нешта разам. Убаку ад партыйнай грызьні». Яна размаўляе хутка, няўпынна. Жанчына з мноствам ідэяў. Ёй 22, і яна кіраўнік фракцыі «Пэто». Два гады таму яна трапіла ў маладую партыю, і яе хутка абралі ў кіраўніцтва. Яна замяніла Цымэрмана на пасадзе кіраўніка партыі і стала кіраўніком фракцыі. Цымэрман, у 24 гады адзін з найстарэйшых у «Пэто», сам адышоў на задні плян. «Гэта было даўно заплянавана, бо інакш была небясьпека састарэць».

Рыдэль вывучае права і трапіла ў «Пэто» незадоўга да выбараў. «Я тут адразу ж апынулася пры справе. Няма патрэбы спачатку выслугоўвацца, каб трапіць наверх. І для моладзі бяз нас рабілася б яшчэ меней. Мы — доказ таго, што можна нешта зьмяняць. Калі хочаш, ты можаш вельмі хутка пераняць адказнасьць. Спачатку ў кіраўніцтве, а пасьля і ў палітыцы». Ясна. Палітыка моцна зьвязаная зь бюракратыяй і пэўнай тактыкай дзеяньняў, і ёй таксама трэба было шмат чаму навучыцца: палітыка часта азначае — пераадольваць вялікія цяжкасьці. «Вымагаюцца цярпеньне і настойлівасьць». Таксама трэба дамагацца палітычнага плёну хутчэй у малых справах. Так, «Пэто» змагла адкінуць закрыцьцё стадыёну. І Рада адзінагалосна прыняла прапанову «Пэто» адносна адкрыцьця моладзевай кавярні. Канечне, партыя ня можа абмяжоўвацца толькі моладзевымі тэмамі. Яна як моцная палітычная сіла мусіць займацца ў Радзе ўсімі праблемамі і фармуляваць да іх прапановы, даказваючы сваю пазыцыю і погляд. У гаспадарчых пытаньнях, падтрымцы эканомікі, экалягічнай і транспартнай палітыцы. І тут «Пэто» патрапіла давесьці тое, што «бывалыя» ў палітыцы называюць інстынктам. Вучні запатрабавалі пры заплянаваным кальцавым руху разгрузіць дадаткова прылеглую галоўную вуліцу, чаго ўжо даўно дамагаліся мясцовыя жыхары. «Пэто» не баіцца зрабіць і непапулярную прапанову, калі ёсьць упэўненасьць у слушнасьці справы. Так адбылося, калі Рада Мангайму празь зьніжэньне колькасьці дзяцей мусіла была вырашыць, які зь дзіцячых садкоў гораду трэба закрыць.

Колькі часу Рыдэль прысьвячае палітыцы? «20 гадзін на тыдзень дакладна. Часам больш, часам менш. Але іншыя больш выдаткоўваюць на кампутарныя гульні ці тэлевізар. Я ж займаюся палітыкай». Пасьля яна сказала тое, што кажуць многія сябры «Пэто», калі пытаесься, чаму яны гэта робяць. «Бо гэта прыносіць задавальненьне».

«Адныя больш выдаткоўваюць на кампутарныя гульні ці тэлевізар. Я ж займаюся палітыкай».

Гэта можна назіраць у гарадзкім парку на ўскрайку Мангайму. Штогод «Пэто» ладзіць турнір у пляжным валейболе. На ярка‑зялёнай траве горача. З панк‑рокам, півам і вафлямі пасьля турніру распачынаецца вялікая вечарынка. Прыйшло каля 500 падлеткаў; калі запытацца, ці цікавяцца маладыя жыхары Мангайму палітыкай, то адказ ня будзе нечаканым. «Не. Ня вельмі, — кажа адзін вучань. — Але тое, што робіць «Пэто», мне даспадобы. Яны добра разварушылі Мангайм». На вечарынцы палітыка — ня першасная рэч, галоўнае — разам бавіць час. «Пэто, — напісала адна журналістка, — гэта як гурт, які падабаецца і на канцэрты якога ходзіш. Іх музычная радыёстанцыя называецца «Мангайм», тут іх заўсёды круцяць». Энтузіязм пануе і ў гасьцявой кнізе на хатняй старонцы «Пэто». «Вы робіце вартыя рэчы!» — можна прачытаць там. Альбо: «Супэрважна разбурыць заскарузлыя партыйныя структуры». Нават ад маладых сацыялістаў з Гамбургу прыходзяць камплімэнты: «Рэспэкт. Актыўнасьць і ахвярнасьць моладзі для моладзі мусіць быць узнагароджаная адпаведным вынікам выбараў».

Сьпікер Нямецкага фэдэральнага саюзу моладзевых арганізацыяў Вольфганг Пэшэль лічыць, што грамадзянская заангажаванасьць моладзі часта недаацэньваецца: «Ужо сам панятак «палітыка» часта асацыюецца з партыйнай палітыкай. А палітыка пачынаецца там, дзе моладзь самаарганізуецца». «Пэто» злучае волю да грамадзкай заангажаванасьці моладзі з камунальнай палітыкай.

Калі заснаваць партыю так лёгка, чаму ж партыі школьнікаў не растуць па краіне, як грыбы пасьля дажджу? «Трэба моцна ангажавацца, — аналізуе фон Алеман, — палітыка адбірае шмат часу».

Калі заснаваць партыю так лёгка, чаму ж партыі школьнікаў не растуць па краіне, як грыбы пасьля дажджу?

І тут — слова кіраўніку партыі. Маркус Райнгальд — атлетычны 18‑гадовы хлопец у бэйсболцы і джынсах. Ён гаворыць яшчэ крыху няўпэўнена. Яго толькі нядаўна абралі кіраўніком «Пэто». Як ён трапіў сюды? «У 2004 г. была адна іх вечарынка. Мне спадабалася, што нехта дбае пра моладзь. Я паразмаўляў зь імі. І сёньня я кіраўнік!» Ён сьмяецца. Пасьля зноў робіцца сур’ёзным. «Я добры арганізатар, але палітычных амбіцыяў ня маю. Акрамя як у «Пэто». Мы ж дзейнічаем толькі ў Мангайме. Так можна засяродзіцца на справе і не займацца міжасабовымі сваркамі. Той, хто хоча працаваць у кіраўніцтве, даволі хутка сюды трапляе. Напрыклад, новай кіраўніцы фракцыі ўсяго 17». Заўсёды займацца гэтым ён не жадае. «Я хачу вывучаць машынабудаўніцтва. Тады я кіну». Можа, менавіта гэтая ідэя робіць «Пэто» такой прывабнай? Кожны можа ўзяць удзел, стварыць пляц ідэяў, які ў выніку пойдзе на карысьць іншым. Аднак партыя мусіць заўсёды клапаціцца пра зьмену. Бо, калі прыходзіць час на вышэйшую адукацыю, калі пачынаецца працоўнае жыцьцё, калі нехта зьяжджае з гораду ці проста губляе жаданьне гэтым займацца, тады канец з палітыкай і «Пэто». Партыя налічвае 190 сяброў. «Трэба прапанаваць моладзі стымулы. Мы нейк зладзілі акцыю: раздавалі марозіва, а разам зь ім фармуляры на ўступленьне. І калі часам нічога болей не функцыянуе, — сказаў Цымэрман, — тады мы бярэм партыйныя грошы і ладзім вечарынку. Найважней, каб мы добра правялі час». Для таго, хто ня лічыць сябе рэвалюцыянэрам, гэта гучыць даволі рэвалюцыйна.

Сваіх маладых палітыкаў «Пэто» залучае найперш у гімназіі імя Ота Гана. У яе шэрым будынку заснавальнікі партыі таксама некалі сядзелі за партамі.

Калі б Цымэрман быў у ХДЗ альбо СДПГ, ён ужо шмат зрабіў бы для сваёй партыі. Можа, яму б начапілі пачэсную значку і сябры з воплескамі ўздымаліся б пры яго зьяўленьні на летніх вечарынках і калядных фэстах мясцовага аб’яднаньня. Яму б паціскалі рукі, хацелі б быць паблізу. А так Цымэрман сядзіць на турніры па пляжным валейболе як роўны сярод роўных. Ці ня думаў ён калі‑небудзь прэзэнтаваць «Пэто» на ўзроўні фэдэральнай зямлі альбо фэдэрацыі? «Не, у нас на гэта няма грошай. І тады было б складаней трымаць разам людзей. Адной моладзі недастаткова. Тое, што мы робім, можа функцыянаваць толькі на камунальным узроўні. Інакш патрэбная была б нейкая партыйная лінія альбо ідэалёгія». Ён усьміхаецца. Сёньня ён вывучае францускую мову і фізыку ў Кёльне і хоча працаваць выкладчыкам. Ці не разглядае ён мажлівасьці далучыцца да іншай партыі, каб стаць, можа, прафэсійным палітыкам? Цымэрман глядзіць на сонца. «На сёньня гэта не актуальна». Паўза. Але. Не. Ён ня можа выключыць гэтую мажлівасьць.

Інга Пэтц

Інга Пэтц — аўтар газэты «Зюддойчэ цайтунг», актывіст Германска-беларускага таварыства.
Вялікі сябар Беларусі, арганізатар канцэртаў «N.R.М.» у Нямеччыне і сьвяткаваньня 100‑годзьдзя «НН» у Бэрліне.

Фота peto.de

За больш дэталёвай інфармацыяй пра жыцьцё Эўропы зьвяртайцеся да ўэб-бачынаў http://www.belarus-europe.info/ і www.belarus-europe.info.

Тэлепраграма "Акно ў Эўропу" трансьлюецца на канале RTV і праз кабэльнае тэлебачаньне штонядзелю а 17-й і з паўторам у панядзелак (а 5.00), аўторак (12.00), чацьвер (5.00) і суботу (2.00).

Штотыднёвая радыёпраграма "Акно ў Эўропу" трансьлюецца на Эўрапейскім Радыё для Беларусі на частотах АМ і FM, праз спадарожнік і ў Сеціве а 8-й раніцы (АМ: AM: 612 kHz, спадарожнік: 11013 Mhz, Сеціва: http://www.belradio.fm/, www.belradio.fm/, FM: 103.4 а 5.40).

Гэтыя праграмы фінансуюцца Эўракамісіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?