07.09.2011 / 19:29

Беларусы супраць беларусаў у Барадзінскай бітве гісторыя 7

7 верасня адбылася самая крывавая з аднадзённых бітваў у гісторыі.

7 верасня 1812 года адбылася Барадзінская бітва, якая ўвайшла ў гісторыю як самая крывавая з усіх аднадзённых.

Яна адбылася ля вёскі Барадзіно, што за 125 кіламетраў ад Масквы.

Падчас 12-гадзіннага бою французскае войска захапіла пазіцыі расійскага войска ў цэнтры і на левым фланзе, але пасля баявых дзеянняў французы адышлі на першапачатковыя пазіцыі. На наступны дзень рускае войска распачало адыход. Абодва бакі знясіліліся і сплылі крывёй. Колькасць забітых з расійскага боку ацэньваюць у памеры ад 38 да 58 тысяч чалавек. З боку французаў ахвяры склалі каля 30 тысяч.

Дагэтуль гісторыкі не сышліся ў думцы, хто перамог у бітве:
заходнія і частка расійскіх вучоных кажуць пра перамогу Напалеона, аднак большасць расійскіх даследчыкаў лічаць пераможцам Кутузава, сцвярджаючы, што прынамсі «маральная» перамога мела месца быць.
І ў войску Напалеона, і ў расійскіх злучэннях ваявалі беларусы.
«З аднаго боку былі войскі генерала Раеўскага — рэкрутаў для 26-й дывізіі набіралі ў Мінскай губерніі. З другога боку, беларусы ўваходзілі ў польскі корпус Юзафа Панятоўскага, які ваяваў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, спадзяваўся ў гэтым на дапамогу французаў, — расказаў карэспандэнту «НН» доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук. — Таму бітву цалкам можна лічыць падзеяй беларускай гісторыі. Аднак варта заўважыць, што
калі ў савецкай і расійскай дзяржаве гэтую вайну называюць Айчыннай, дык для беларусаў гэта была расійска-французская вайна, якая набывала рысы грамадзянскай.

На жаль,

у Беларусі тэмай гэтай вайны гісторыкі амаль не займаліся — пакуль што няма ніводнай манаграфіі,
прысвечанай тым падзеям. Існуюць толькі расійскія і французскія працы».

Алесь Сабаленка

0
аматар / Адказаць
08.09.2011 / 07:57
Глядзі тут: Швед В., Данскіх С. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. 1805- 1815 гады. / В. Швед, С. Данскіх. - Гр.: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006. - 252 с. ІSВN 985-417-838-2 http://www.kamunikat.org/halounaja.html?pubid=10030
0
kapitan / Адказаць
08.09.2011 / 15:18
http://www.kamunikat.org/halounaja.html?pubid=10030 Вельмі цікавая кніга, на многае адкрывае вочы
0
правінцыял / Адказаць
10.09.2011 / 02:08
"Існуюць толькі расійскія і французскія працы" Існуюць яшчэ і польскія, іншая справа, што палякі чарговы раз прысабечылі сабе гісторыю літвінаў. Хаця, чаму не прысабечыць, калі яна нам быццам бы і не патрэбна. А фактычна, вайна 1812 г. была чарговым этапам барацьбы, якую літвіны і палякі вялі за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Дарэчы сам Напалеон называў гэтую вайну "другой польскай". А многія яго афіцэры-літвіны ваявалі з рускімі яшчэ з 1792 г. Потым было паўстанне Касцюшкі, пасля якога эмігранты-літвіны масава ўступалі у Польскія легіёны Дамброўскага (дарэчы існуе ж версія, што мелодыю польскага нацыянальнага гімну, "Марша Дамброўскага" напісаў М.К. Агінскі). Была і спроба стварыць "Літоўскі легіён". Іншая справа, што Напалеон проста выкарыстаў патрыетаў-ідэалістаў, якія ваявалі і гінулі і ў Італіі, і ў Іспаніі, і нават на Гаіці. Ну а ў 1812 г. тыя, хто ўцалеў, вярнуліся на радзіму. Пры гэтым значная іх частка ваявала не на Барадзінскім полі, а заставалася на тэрыторыі Беларусі. А потым была Бярэзіна, якая і паставіла крыж на надзеях на адраджэнне дзяржаўнасці... Да і не толькі у манаграфіях пра гэта напісана. Уважліва прачытаце "Пана Тадэвуша" А. Міцкевіча. Сярод гасцей на вяселлі Тадэвуша былі сапраўдныя гістарычныя персанажы, "напалеонаўскія" літвіны - той жа Князевіч ці Малахоўскі. Праўда, на жаль, яны даўно ўжо лічацца польскімі нацыянальнымі героямі. Ну, гэта у нас не першы раз адбываецца.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру