За наступствы эканамічнага крызісу ў Беларусі павінен адказваць не ўрад, а асабіста Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін 7 верасня напрэс-канферэнцыі ў Мінску.
«Сёння варта ставіць пытанне аб адстаўцы ўрада. Але ён у Беларусі нічога не вырашае. Паколькі ўсю адказнасць на сябе бярэ Лукашэнка, то на парадку дня стаіць пытанне пра яго адстаўку», — лічыць намеснік старшыні АГП.
Марголін заявіў, што пасля пагаршэння эканамічнай сітуацыі «ўрад шэсць месяцаў знаходзіўся ў ступары, нічога не робячы». Паводле яго меркавання, захады, што стала рабіць улада па выхадзе з крызісу ў апошні час, «не толькі запозненыя, але і палавінчатыя», паколькі яна не ведае рэальнага становішча ў краіне і не разумее глыбінных прычын крызісу.
Палітык заявіў, што ў АГП ёсць «асэнсаваная» праграма выхаду з крызісу. «Мы гатовы ўзяць на сябе адказнасць за правядзенне эканамічных рэформ. Аднак да нашых прапаноў улада не прыслухоўваецца», — сказаў ён.
Марголін таксама заявіў, што АГП і ў надалей будзе прапаноўваць шляхі выхаду з крызісу. Аднак, падкрэсліў ён, «без змены ўлады нічога не вырашыцца».