Знойдзены целы ўсіх 43 загінулых у выніку падзення самалёта Як-42 пад Яраслаўлем, паведаміла МНС Расіі раніцай 8 верасня.

На борце самалёта знаходзіліся 45 чалавек, з іх 37 пасажыраў (у тым ліку беларускія хакеісты Руслан Салей і Сяргей Астапчук) і 8 членаў экіпажа. Двух чалавек удалося выратаваць (хакеіста Аляксандра Галімава і члена экіпажа Аляксандра Сізова), яны знаходзяцца ў бальніцы.

Паводле інфармацыі МНС Расіі, са сваякамі загінулых пры аварыі працуюць 36 псіхолагаў Цэнтра экстраннай псіхалагічнай дапамогі МНС Расіі. Найперш дапамогу аказваюць пры правядзенні працэдуры апазнання. Асноўныя ўчасткі працы псіхолагаў — бюро судова-медыцынскай экспертызы, дзе праводзіцца апазнанне, а таксама гатэль, куды прыбываюць сваякі загінулых. Усяго псіхалагічная дапамога аказана больш як у 50 выпадках зваротаў, інфармацыйна-псіхалагічная падтрымка — 69 чалавекам, якія звярнуліся па яе. Працягвае працаваць тэлефон гарачай лініі Цэнтра экстраннай псіхалагічнай дапамогі МНС Расіі — +7-495-626-37-07. Усяго паступіла 208 тэлефанаванняў.

Яраслаўскі «Лакаматыў» накіроўваўся ў Мінск на матч першага тура чэмпіянату КХЛ супраць «Дынама». Сустрэча павінна была адбыцца 8 верасня на «Мінск-Арэне». Замест яе будзе арганізавана вечарына-рэквіем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?