8 верасня 1514 года войскі ВКЛ пад загадам гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага разбілі пад Оршай маскоўскіх захопнікаў.

«У нашай даўняй гісторыі няма іншай падзеі, якая б стала падобным сімвалам і выклікала столькі ж вострых баталій, як бітва пад Оршай. Гэта

вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім (праваслаўным!) гетманам.
Пачынальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі бачылі ў ёй
найлепшы доказ гістарычнай нятоеснасці беларусаў і вялікарусаў.
А для гісторыкаў расейскіх, наадварот, яна была ці не самай „нязручнай“ падзеяй, што ніяк не ўпісвалася ў канцэпцыю „адзінага славянарасійскага народу“. Вось жа стаўленне да гэтай бітвы ў самой Беларусі і вызначалася змаганнем расійскага бачання з беларускім», — піша гісторык Генадзь Сагановіч. Цалкам яго артыкул «Вайсковая слава і бясслаўе гісторыкаў» пра значэнне Аршанскай бітвы чытайце тут.

Ад пачатку 1990-х 8 верасня адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы. У першыя гады

вайскоўцы прымалі ўрачыстую прысягу на вернасць Беларусі.
За Лукашэнкам свята стала нефармальным, а нават пераследаваным.

Бітва пад Оршай. Карціна XVI ст.

Бітва пад Оршай. Карціна XVI ст.

Урачыстая прысяга на вернасць Беларусі. Плошча Незалежнасці. 1992 год.

Урачыстая прысяга на вернасць Беларусі. Плошча Незалежнасці. 1992 год.

Фэст "Аршанская бітва" на Крапівенскім полі. Спявае Андрэй Мельнікаў.

Фэст "Аршанская бітва" на Крапівенскім полі. Спявае Андрэй Мельнікаў.

Сёлета Дзень беларускай вайсковай славы адзначыцца бітвай падушкамі ў Мінску і бардаўскім фэстам на Крапівенскім полі.

Падушкавая баталія пройдзе ў Мінску ў Парку Горкага 10 верасня, а 17.00. «У праграме: фінал індывідуальных баёў падушкамі і, канечне, грандыёзны махач паміж камандамі белых і чырвоных», — кажуць арганізатары. Удзельнікаў просяць узяць з сабой падушкі і добры настрой.

Мінулыя разы бойкі падушкамі былі таксама прымеркаваныя да знакавых бітваў беларускай гісторыі

Традыцыйны фестываль бардаўскай песні адбудзецца

на левым беразе Дняпра пры ўпадзенні ў яго рэчкі Крапівенкі 11 верасня. Будзе вогнішча і спевы.
Зайграюць Андрэй Мельнікаў, Ната Пушкарова, іншыя барды.

Да месца можна даехаць ад аўтавакзала аўтобусам ці маршруткай Орша-Дуброўна да прыпынку «Гацькаўшчына». Фэст задуманы як імпрэза выхаднога дня ў фармаце open air, таму пачынаецца вечарам і доўжыцца ўсю ноч з тым, каб за нядзелю ўдзельнікі змаглі выспацца і дабрацца дадому. Фэст праходзіць на адкрытым паветры таму варта падумаць пра адпаведную вопратку, запас ежы і намёт.

Сёння ж — віншуйма сяброў і знаёмых са святам. На жаль, у сталіцы няма манумента, да якога можна было б прынесці кветкі ў гонар Аршанскай перамогі. Дый у цэлай Беларусі пакуль няма. Ушануйма памяць усіх змагароў за Незалежнасць — пакладзём кветкі Купалу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0