Паводле звестак перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі налічвалася 30 тыс. (0,4% агульнай колькасці насельніцтва) непісьменных старэйшых за 15 гадоў. Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт да Міжнароднага дня пісьменнасці (8 верасня).
Як зазначае Белстат, узровень пісьменнасці дарослага насельніцтва ў Беларусі, як і ў развітых краінах свету, набліжаецца да 100% і складае 99,6%.
Значная частка непісьменных — састарэлыя, а таксама асобы з цяжкімі фізічнымі і разумовымі недахопамі.
Вынікі перапісу насельніцтва 2009 года сведчаць аб росце узроўню адукацыі жыхароў краіны, падкрэсліваюць у камітэце. На момант перапісу 90% насельніцтва ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых мелі вышэйшую, сярэднюю ці базавую адукацыю супраць 77% паводле перапісу 1989 года і 85% — паводле перапісу 1999 года. Сярод абласцей самы высокі паказчык у Магілёўскай вобласці — 91,5%.
Значна павысіўся ўзровень адукацыі вяскоўцаў. Калі ў 1999 годзе сярод вяскоўцаў 15 гадоў і старэйшых доля асоб, якія маюць вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю, складала 68%, то паводле звестак перапісу 2009 года — 82%.
Доля асоб, якія маюць вышэйшую адукацыю, за дзесяцігоддзе, што мінула пасля перапісу насельніцтва 1999 года, у цэлым узрасла з 14 да 19%, а іх колькасць — з 1 млн. 134 тыс. да 1 млн. 531 тыс. чалавек. Сярод моладзі (16–30 гадоў) удзельная вага асоб з вышэйшым узроўнем адукацыі ўзрасла з 10 да 17%, або на 153 тыс. чалавек.
На 1.000 мужчын (ва ўзросце 15 гадоў і старэй) прыпадае 176 мужчын з вышэйшай адукацыяй, на 1.000 жанчын (ва ўзросце 15 гадоў і старэй) — 199 жанчын з вышэйшай адукацыяй.
Узрастае колькасць насельніцтва, якое свабодна валодае замежнымі мовамі. Англійскай свабодна валодаюць 450 тыс. чалавек. У параўнанні са звесткамі перапісу насельніцтва 1999 года, колькасць людзей, якія валодаюць англійскай мовай, узрасла ў 3,2 разу, а іх доля — з 1 да 5%. Прыкладна 138 тыс. чалавек свабодна валодаюць нямецкай мовай, што ў 2,2 разу больш, чым было ўлічана пры перапісу насельніцтва 1999 года.
Белстат зазначае, што «ў адукацыйнай палітыцы Беларусі ставіцца мэта забеспячэння да 2015 годзе ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Адукацыйная палітыка па дасягненні гэтай мэты ўключае: забеспячэнне даступнасці атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ўсімі дзецьмі адпаведнага ўзросту; абнаўленне зместу навучання і метадаў выкладання; удасканальванне педагагічных тэхналогій; павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню выкладчыцкага складу; павышэнне сацыяльнага статусу настаўніка і яго ролі ў грамадстве».