Паслухаць "Краіну мрой":

Украінскі гурт «Воплі Відаплясава» запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую вэрсію аднаго з сваіх галоўных хітоў. «Краіну мрой» на беларускую мову пераасэнсаваў Андрэй Хадановіч. Алег Скрыпка назваў пераклад бездакорным і зь вялікім задавальненнем заспяваў па-беларуску. І не толькі таму што з вялікай павагай ставіцца да нашай краіны. Лідэр ВВ зусім нядаўна высветліў, што ён на чвэрць беларус.

Алег Скрыпка вырашыў пераспяваць для праекту песню «Країна мрій» з аднайменнага альбома гурта «Воплі Відаплясава», які быў запісаны ў 1994 годзе, калі Скрыпка стала жыў у Францыі. Алег палічыў, што гэтая песня найбольш пасуе для гэтага праекту і для Беларусі наогул. «І я асабіста, і ўвесь наш калектыў шчыра любім Беларусь і вельмі цэнім тое, што

беларусы застаюцца такімі тонкімі і душэўнымі, не зважаючы на часовыя цяжкасьці. Падобная публіка ёсьць хіба што яшчэ ў Японіі — яна слухае і размаўляе сэрцам.
Гэты стан і быў апісаны ў абраным творы».

Лідэр ВВ зусім нядаўна высветліў, што ён на чвэрць беларус. Дазнаўся пра тое ад свайго бацькі, які распавёў гісторыю яго бабулі.

«Мая бабуля, у дзявоцтве Кацярына Мужанава, нарадзілася на Палтаўшчыне, на хутары Сінякіўшчына. Пры канцы XIX стагоддзя да тамтэйшага пана прыехаў пан з Беларусі, сябра яго. Гралі яны ў карты і беларус прайграў столькі, колькі не меў пры сабе. У якасці гарантыі вяртання пазыкі ён пакінуў там свайго памочніка па гаспадарчай частцы. Вярнуўся беларускі пан праз год, вярнуў грошы, але памочніка не забраў. Той ужо атабарыўся на хутары, завёў сям’ю.
І пан даў дазвол на тое, каб ён застаўся. Прозвішча яго было Мужанаў. У яго было чатыры сыны. Унучкай гэтага памочніка якраз і была мая бабуля».

Алег заўжды цікавіўся тым, што адбываецца ў суседняй Беларусі. Зь беларускімі культурнымі дасягненьнямі ён знаёміцца бліжэй на фэстывалі «Країна мрій», які ладзіць штогод на Купалле ў цэнтральным парку Кіева. На яго запрашэнне там выступалі такія гурты, як этна-трыё «Троіца», «Палац», «Стары Ольса», Uria, Testamentum Terrae, «Альтанка». «Беларускія гурты ўдала спалучаюць рок з этнікай, часта яны куды цікавейшыя за ўкраінскіх калег у плане галасавой падачы», — разважае Алег і зазначае, што беларусы заўжды добра гучаць дзякуючы моцным музыкам і высокай працаздольнасці. Ёсць у беларускіх камандаў яшчэ адна рыса, якая моцна падабаецца Скрыпку:

«У вашых артыстаў мне заўжды імпанавала шляхетнасць, якую так доўга выбівалі з украінскай культуры, у выніку чаго сучасныя ўкраінскія музыкі не адчуваюць арыстакратычнасці, годнасці і глыбіні народнай музыкі. А ў беларусаў з гэтым усё ў парадку».

За пераклад на беларускую мову «Краіны мрій» узяўся Андрэй Хадановіч, які называе сябе «адданым фэнам ВВ»: «Гэту песню я ведаю даўно і даўно яе люблю, для мяне яна з'яўляецца культавай, — кажа паэт. — Таму пры перакладзе ставіўся да яе амаль як да класікі, намагаўся быць як мага бліжэй да арыгінальнага тэксту, праверанага часам. Спадзяюся, што не нашкодзіў тэксту і ён належным чынам загучаў у беларускім кантэксце».

Скрыпка адразу ўпадабаў пераклад Хадановіча. «У такіх выпадках існуе тры правілы — захаванне сэнсу, рытмічнага малюнку і каб фанетычна было зручна спяваць.

Пераклад Андрэя выйшаў бездакорным.
Бачна, што чалавек таленавіты і добра разбіраецца ў музыцы».
Лідар ВВ мае перакананасць, што самыя цікавыя культурныя праекты ва Украіне і Беларусі сёння звязаны менавіта з роднай мовай. На думку музыкі, цяперашняя татальная глабалізацыя ўяўляе з сябе бездань, у якой вельмі проста распусціцца ды страціць сябе, стаўшы проста пенай.
«Толькі родная мова, родная культура дазволяць захаваць сябе, узбагаціць сваю творчасць, напоўніць яе сэнсам. Недастаткова проста сачыняць добрую музыку ці нешта яшчэ — важны змест таго, чым ты займаешся. Несці сваю мову ў цэлы свет — гэта высокая місія, вартая самых лепшых людзей краіны», — сцвярджае Алег.
Воплі Відаплясава — Краіна мрой

(музыка і словы — Алег Скрыпка, беларускі тэкст — Андрэй Хадановіч)

Чуў я — ці мне сніцца парой,
Што існуе краіна мрой,
У той краіне расце дзівосны гай.
Гай той кожны можа знайсці —
Таямніцу чароўнасці,
Дасягнуўшы глыбіняў, разгадай!

Хай нясе мяне рака
Ў зачарованым чаўне,
Ў неба нясе,
Быццам ува сне.

Там шмат патаемных хадоў,
Што сягаюць былых гадоў,
Там жывёлы нябеснай дабрыні.
Не шукай ты на мапах яе,
Яна там, дзе шляхі твае
Да бясконцай імкнуць далечыні.

Нас нясе, нясе рака
Ў зачарованым чаўне,
Ў неба нясе,
Быццам ува сне.

Песню можна спампаваць тут або тут .
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?