Нядаўна сустрэла сваіх знаёмых. Дзве жанчыны, супрацоўніцы з маёй папярэдняй працы. Разгаварыліся пра жыццё-быццё, пра дзяцей. Звычайныя размовы. Адна з знаёмых паведаміла, што дачка купіла новую машыну, бо старая яе не задавальняла. Я пацікавілася:

— Напэўна, дачка добра зарабляе?

— Ды дзе там! Звычайны аклад. Сядзіць у офісе, якія там грошы? — абвергла мае меркаванні знаёмая. — Мы з бацькам накапілі добрую суму. Я падпрацоўку ўзяла. Крэдыт аформілі у банку. Вось выламалі з калена. Аддалі усе дачцэ.

— Навошта было так вылузвацца? — выказала я здзіўленне. — А як жа па-іншаму? Яна ж у мяне прынцэса. Усё — для яе.

«Прынцэсе» трыццаць гадоў. Жыве ўжо з трэцім мужам. Мае дачку, якую у асноўным падкідвае сваёй маці. Кожны год едзе адпачываць да мора. Дарэчы, маці яе ля мора не была ні разу. Гэта лішняе.

Другая жанчына расказала пра свайго сына-студэнта, сказала, што ў яго няма машыны, і ён падпрацоўвае, каб мець грошы на асабістыя расходы. Пакупніца новай машыны для любімай дачкі скептычна заўважыла, што ў хлопца можа развіцца комплекс непаўнавартаснасці.

Выходзіць, што адэкватная ацэнка сваіх магчымасцяў, узважаны падыход да жыцця — гэта комплекс непаўнавартаснасці. А панты (папулярнае на сённяшні дзень слаўцо) — гэта нармальна, гэта правільна і добра. Прыехалі!
Некалі я чытала ў аднаго псіхолага жартлівае выказванне: норма ёсць паталогія, авалодаўшая масамі. Падобна, што гэта цяпер і адбываецца. Але, сапраўды, ужо не да смеху.
У краіне ідзе масавая вытворчасць «прынцэс». Бацькі высільваюцца, каб у іх дачкі было усе самае лепшае і каб яна, не дай Бог, не перапрацавала.

Была сведкам яшчэ адной размовы жанчын у цырульні. Кліентка жалілася цырульніцы на жыццё. Расказвае. Паехалі яны з сынам сватаць будучую нявестку. Прыехалі, а свацця (маці будучай нявесткі) і кажа, памагайце мне, маўляў, госці дарагія, накрываць на стол.

— А Юля, дачка Ваша, чаму яна не дапамагае? — пацікавіліся.

— Што, Вы, — адказала свацця. — Я Юлечку сваю берагу, Яна у мяне ў інстытуце на лекцыях вельмі стамляецца. Там такія вялікія нагрузкі!

— Як мой сын будзе з гэтай Юлечкай жыць? Я не ўяўляю, — ледзь не галасіла жанчына. Самае дзіўнае ў гэтых гісторыях, што бацькі, вырасціўшыя «прынцэс», чакаюць, як бы дачку са сваёй шыі перасадзіць на магутную шыю зяця. Але ж хлопцы у дваццаць пяць гадоў не маюць магутнай шыі, дарагога мерседэса і вілы на Канарах. Вось і прыходзіцца «прынцэсам» ці то старыцца ў дзеўках, ці к трыццаці гадам змяніць трэцяга мужа ў пошуках прынца. А можна яшчэ завесці коціка — таксама варыянт. Цяпер гэта модна.

А сутнасць застаецца нязменнай. Вырасціўшы «прынцэсу», бацькам прыходзіцца самім аплачваць яе царскае жыццё. Браць падпрацоўкі і пазыкі. Купляць ёй дарагія машыны. Трэба было перш падумаць, ці ёсць у іх сямейным «каралеўстве» грошы на ўтрыманне санавітых асоб, бо прынц на белым кані так і не з’явіцца.

«Калі хочаш, каб я была анёлам, ствары для мяне рай», — любяць патасна выказвацца некаторыя маладыя дзяўчаты. Па усёй верагоднасці, рай для гэтых «анёлаў» прыйдзецца ствараць іх бацькам, пакуль яшчэ ногі ходзяць і вочы бачаць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?