На прасёлкавай дарозе паблізу в. Уласы Баранавіцкага раёна ва ўласным аўтамабілі з агнястрэльным раненнем галавы быў знойдзены 23-гадовы ўчастковы міліцыянт. Супрацоўнікі пракуратуры правяраюць некалькі версій таго, што адбылося, у тым ліку і самазабойства.

Цела маладога ўчастковага, які прапрацаваў у раённым аддзеле ўнутраных спраў каля года, знайшлі 29 жніўня, піша «Intex-press». Ніякай перадсмяротнай запіскі, па словах супрацоўніка следчага аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці па Баранавіцкім раёне Андрэя Раманюка, пры загінуўшым выяўлена не было.

«Па дадзеным факце следчым аддзелам праводзіцца праверка. Правяраецца версія аб самагубстве, а таксама аб магчымай датычнасьці да здарэння іншых асобаў», — адзначыў Андрэй Раманюк.

Родныя загінулага ўчастковага не могуць акрыяць ад шоку, тым больш паверыць, што іх добры, жыццярадасны, поўны планаў сын мог добраахвотна сысці з жыцця. «Калі ўсё гэта адбылося, мы не ведалі, што і падумаць. З дзяўчынай у яго было ўсё выдатна, вяселле ў красавіку планавалі згуляць. У нас у сям’і былі добрыя адносіны, з малодшым братам яны дык наогул лепшымі сябрамі былі. Ды і на працу ён ніколі асабліва не скардзіўся. З якога боку ні паглядзі — жыць толькі ды радавацца. Ну не мог Саша сам з сабой такое зрабіць », — сказаў бацька загінулага Мікалай.

Між тым, распавядаючы пра падзеі таго страшнага дня, Мікалай адзначыў, што падчас апошняй размовы з сынам адчуў нешта дзіўнае ў яго голасе.
«Я яму патэлефанаваў, стаў пытаць, як справы, пра футбольны матч — ён вельмі футбол любіў. Ён адказваў быццам праз сілу, на навіну пра лік у матчы наогул ніяк не адрэагаваў, што для яго незвычайна было. Сказаў, што едзе ў Крошын», — успамінае Мікалай.

Гэта быў апошні раз, калі ён чуў сына. А праз дзве гадзіны да бацькоў ўчастковага прыехаў супрацоўнік міліцыі, які шукаў іх сына. Сказаў, маўляў, не могуць да яго датэлефанавацца. «Я стаў тэлефанаваць — выклік ідзе, а трубку ніхто не бярэ. Жонка стала набіраць са свайго тэлефона — вынік той жа. На душы стала неспакойна, я тады падумаў, ён жа на машыне паехаў, раптам яна зламалася або аварыя адбылася. Вырашыў паехаць пашукаць.

Па дарозе сустрэў міліцыянта, паехаў за ім. Пад’ехаўшы да Улас, убачыў Сашыну машыну. Шкло было разбіта. Падышоў і ўбачыў сына. На каленях у яго ляжаў пісталет ...» — распавёў бацька.

Па словах бацькі загінулага, сын з дзяцінства марыў працаваць у міліцыі. Ды і сам лёс, здавалася, дапамог яму ў гэтым: пасля школы ён было вырашыў паступаць на гістарычны факультэт (хлопец захапляўся гісторыяй і нават удзельнічаў у алімпіядах), але не паступіў. І тады ён стаў студэнтам юрфака, а на апошнім курсе прыйшоў на працу ў міліцыю.

Усе, хто ведаў Аляксандра — як ўчастковага і проста як чалавека — кажуць, што ён быў спагадлівым, уважлівым і добрым. А галоўнае — любіў жыццё і тую справу, якой ён займаўся.

***

Глядзі яшчэ: 23-гадовы следчы застрэліўся падчас дзяжурства.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?