Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітрый Ус, які абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня і адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі, не мае намеру падпісваць просьбу аб памілаванні. Пра гэта, як сказала жонка зняволенага Яўгенія, муж заявіў ёй падчас сутачнай сустрэчы. Яна адбылася 8–9 верасня.

«Няхай робяць што хочуць, я нічога не падпішу»,
 — перадала словы Уса яго жонка. Паводле яе слоў, калі давядзецца, то Дзмітрый гатовы адседзець увесь прызначаны судом тэрмін.

Яўгенія сказала, што маральны стан мужа неблагі: «Трымаецца, малайчына».

Што да здароўя, то Усу прызначана 3-я група інваліднасці. Рабочая, але аблегчаная.

Зараз ён пляце гамакі. За адзін такі выраб зняволеным плацяць 1.300 рублёў. Ус сплёў два гамакі, гэта значыць зарабіў 2.600 рублёў.

Паводле слоў жонкі, Дзмітрый Ус паведаміў, што ў дачыненні да яго былі дробныя правакацыі: нібыта адміністрацыя калоніі падсылала да зняволенага «шасцёрак», якія спрабавалі справакаваць яго на канфлікт, і назірала за яго рэакцыяй.

Наступная кароткатэрміновая сустрэча можа адбыцца ў снежні. Доўгатэрміновых, трохсутачных, сустрэч Ус пазбаўлены з-за таго, што адмаўляецца падпісваць просьбу аб памілаванні на імя прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?