Журналістка Ірына Халіп з 7 па 9 верасня мела доўгатэрміновае спатканне ў Наваполацкай калоніі са сваім мужам, былым кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым, які адбывае там пакаранне.

Саннікаў на здароўе «асабліва не скардзіцца». «Сур’ёзных захворванняў у яго няма. Але любы арганізм ва ўмовах калоніі дае збой. З’яўляецца кашаль, напрыклад. Асабліва, калі чалавек, як Саннікаў, працуе на экалагічна шкоднай вытворчасці», — сказала Халіп.

Нагадаем, Саннікаў быў размеркаваны ў 3-ці атрад наваполацкай калоніі № 10. Ён працуе ў 30-й брыгадзе, якая на вытворчасці ў калоніі збірае гофракардонныя скрыні.

«Гэта праблема не толькі Саннікава, гэта праблема ўсіх зняволеных, якія працуюць на такіх вытворчасцях», — адзначыла Халіп.

Больш падрабязна пра сваё доўгатэрміновае спатканне Ірына Халіп абяцала расказаць пазней. «Мне трэба ўзяць тайм-аўт хоць бы на суткі для таго, каб асэнсаваць і пераварыць усё тое, пра што мы з ім размаўлялі падчас спаткання. Цяпер я не гатовая даваць каментары. Магчыма, штосьці я раскажу пазней, калі апамятаюся», — сказала Халіп.

14 мая суд Партызанскага раёна Мінска прыгаварыў Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў без задавальнення касацыйную скаргу палітыка.

Глядзі яшчэ: Ірына Халіп: Я не пазнала Саннікава.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?