Для выхаду на адзіны рыначны курс долара неабходна дэвальвацыя рубля на 30–40%,
заявіў старшыня Беларускага бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя праф. М. С. Куняўскага (БСПН) Георгій Бадзей 9 верасня ў Мінску на пасяджэнні савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінаблвыканкаме.

Паводле яго слоў, для дасягнення адзінага курсу патрабуецца пераходны перыяд, на працягу якога будуць існаваць два курсы: афіцыйны (на ўзроўні каля 5 тыс. рублёў за долар) і рыначны (вызначыцца на дадатковай сесіі біржы). Бадзей лічыць, што такі перыяд можа працягнуцца не больш чым два-тры месяцы. На яго думку, рыначны курс складзе 7–8 тыс. рублёў за долар.

Як мяркуе Бадзей,

у прагнозах курсу на ўзроўні 10–12 тыс. рублёў закладзены вялікія рызыкі, якія складаюць каля 30%. Кіраўнік бізнес-саюза перакананы, што дэвальвацыя рубля на 30–40% можа быць праведзена без расходавання валютных рэзерваў Нацбанка.
«Я думаю, што гэта (узровень дэвальвацыі. — БелаПАН.) будзе прымальна і для бізнесу, і для бюджэту, і для насельніцтва», — сказаў ён.

Бадзей таксама лічыць, што выхад з валютнага крызісу павінен быць звязаны не толькі з устанаўленнем рыначнага курсу, але і з крэдытным, бюджэтным, падатковым і іншымі аспектамі макраэканамічнай палітыкі.

Дзяржава, мяркуе старшыня саюза, павінна падтрымліваць малазабяспечаных грамадзян, бюджэтнікаў, пенсіянераў, а таксама ствараць умовы для павышэння зарплат на прамысловых прадпрыемствах. На думку экснаміста, гэта будзе падтрымліваць плацежаздольнасць унутранага попыту.

Бадзей і члены БСПН прапаноўваюць, не чакаючы наступнага года, знізіць падатковую нагрузку, у тым ліку стаўку падатку на прыбытак і ПДВ (з 20% да 18%). Гэта будзе садзейнічаць зніжэнню інфляцыі, перакананы Бадзей.

Старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура таксама лічыць, што працэс выхаду на адзіны курс не павінен быць доўгім. Пры гэтым ён адзначыў, што ўсе ўдзельнікі рынку — бізнес, бюджэтныя арганізацыі, прадпрыемствы — павінны паводзіць сябе ў гэты перыяд карэктна. Паводле інфармацыі Батуры, у сувязі са складанай эканамічнай сітуацыяй прыкладна на 50% скарочаны абласныя бюджэтныя праграмы. «Але гэта не азначае, што яны не павінны быць выкананы», — заявіў кіраўнік вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?