Як паведаміў на відэабрыфінгу 12 верасня начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў, гэтай ноччу на большай частцы тэрыторыі Беларусі, днём месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер паўднёва-заходні, ад 4 да 9 м/с, днём парывы да 14 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе плюс 9–15°С, днём — 17–24°С.

Як зазначыў Рабаў, на гэтым тыдні «з дня ў дзень будзе рабіцца ўсё халадней». Ноччу мінімальная тэмпература будзе складаць плюс 5–12°С. У дзённыя гадзіны: у сераду плюс 16–23°С, у чацвер — 14–21°С, пятніцу — 12–18°С. «Гэта будзе на два-тры градусы халадней, чым звычайна ў гэты час», — сказаў сіноптык.

«Да выхадных рост атмасфернага ціску адсуне шчыльныя воблакі і дажджы за межы Беларусі. На надвор’е пачне аказваць уплыў скандынаўскі антыцыклон», — зазначыў спецыяліст. На Палессі чакаюцца начныя замаразкі да 0 — мінус 2°С. Не выключаны замаразкі і ў нізкіх месцах у іншых рэгіёнах. Максімальная тэмпература днём складзе 12–18°С, па паўднёвым захадзе — да 20°С.

У пачатку наступнага тыдня «Паўночная Атлантыка возьме ўладу ў свае рукі, пойдуць дажджы і будзе воблачнае надвор’е».
«Казаць пра паляпшэнне надвор’я пакуль не даводзіцца, бабіна лета крыху адкладваецца і чакаецца або ў трэцяй дэкадзе або ў пачатку кастрычніка», — сказаў Рабаў.

У бліжэйшыя суткі ў Мінску чакаецца воблачна з праясненнямі, ноччу кароткачасовы дождж, днём — без істотных ападкаў, раніцай — слабы туман, вецер заходні (4–7 м/с, парывы да 14 м/с), тэмпература ноччу — 12–14°С, днём 19–21°С.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?