Апытаныя БелаПАН эканамісты чакаюць вынікаў таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы з вельмі стрыманым аптымізмам.

Паводле слоў фінансавага аналітыка афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Мінску Вадзіма Іосуба, «гэта выклікана перш за ўсё тым, што ва ўладаў, урада і Нацбанка, дагэтуль няма гатовага сцэнарыя, па якім пройдуць таргі,

яны, напэўна, самі не ведаюць, чаго чакаць, адпаведна такія ж чаканні і ў рынка».

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч нагадаў, што ўлада мае дастаткова рычагоў, каб адрэгуляваць знешне абвешчаны рыначны працэс. «У нас хто экспарцёр, у каго ёсць валюта? Дзяржпрадпрыемствы, і дзяржава можа прымусіць іх прынесці на гэтую сесію валюту. У нас асноўныя пакупнікі валюты — уласнік-дзяржава, таму могуць адміністрацыйна скараціць гэтае пытанне», — заявіў Станіслаў Багданкевіч. Ён дадаў, што «ў далейшым гэта ж усё вылезе».

Кажучы пра магчымыя велічыні, якія могуць быць устаноўленыя падчас таргоў, Станіслаў Багданкевіч назваў лічбу ў 7–8 тысяч беларускіх рублёў за долар.

Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, лічыць больш рэальным курс у 9–10 тысяч, але пры гэтым дадае: «Вельмі вялікая верагоднасць,

што рэгулятар будзе імкнуцца да таго, каб курс быў ніжэйшым».

Такога ж пункту гледжання прытрымліваецца і намеснік старшыні РГА «Беларуская навукова-прамысловая палата» эканаміст Георгій Грыц. «Можна з вельмі вялікай доляй верагоднасці сказаць, што на дадатковай сесіі дзяржава і Нацбанк будуць рабіць максімальна тое, каб не выйсці за псіхалагічны парог. Псіхалагічны парог, які будзе негатыўна ўспрыняты не толькі бізнес-супольнасцю, але і насельніцтвам, гэта выхад за пяцізначную лічбу, выхад за 10 тысяч, таму што

чарговую дэвальвацыю на 50 працэнтаў насельніцтва можа, мякка кажучы, не зразумець»,
 — сказаў Георгій Грыц.

Але залішняе рэгуляванне таргоў можа ў будучым прывесці да новага крызісу. Гэтую думку пацвердзілі ўсе суразмоўцы БелаПАН.

Паводле слоў Вадзіма Іосуба, «не трэба забываць, што заніжаны курс заўсёды каштуе грошай, калі няма жадання праўдзіва паглядзець на рыначаны курс, ёсць жаданне яго заніжаць, гэтага дабіцца можна, але на гэта пастаянна трэба траціць грошы».

«Сёння галоўная задача ўрада і Нацыянальнага банка — аднавіць давер эканамічных агентаў да беларускага рубля», — заявіў Георгій Грыц. «Датуль пакуль мы не зробім канкурэнтаздольную эканоміку, вынікам якой будзе выхад хаця б на маленькае негатыўнае сальда, умоўна 1% ВУП, гэтая мера (вызначэнне рыначнага курсу на дадатковай сесіі БВФБ. — БелаПАН.) не цягне на стратэгію», — падвёў вынік намеснік старшыні БНПП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?