Тое, што хлебакамбінат № 1, які знаходзіцца пасярод Ракаўскага прадмесця ў Мінску, збіраюцца зносіць, даўно не з'яўляецца сакрэтам. Ён трапіў у план вынасу прадпрыемстваў з тэрыторыі сталіцы за кальцавую дарогу, але працы ніяк не пачынаюцца — банальна няма грошай. Тым не менш, паводле інфармацыі «НН», патрэбныя сродкі ўжо знойдзеныя.

Іх гатовы даць патэнцыйны інвестар — «Трайпл» на чале з сумнавядомым Юрыем Чыжом…

Хлебакамбінат №1.

Хлебакамбінат №1.

Праект апартамент-атэля «Ракаўскае прадмесце».

Праект апартамент-атэля «Ракаўскае прадмесце».

Хлебазавод на Google Maps.

Хлебазавод на Google Maps.

Будоўля Чыжа непадалёку. «Ля Траецкага».

Будоўля Чыжа непадалёку. «Ля Траецкага».

Апошні пункт некранутага Менска

Ракаўскае прадмесце — ледзь не апошняя кропка ў цэнтры горада, да якой не дабраліся рукі «рэстаўратаў» і «рэканструктараў», якія працуюць у стылі аграрэнесансу. Закрытае ад шума вуліц гіганцкім жылым домам, у склад якога ўваходзіць гандлёвы дом «На Нямізе», прадмесце з яго ціхімі вулачкамі і старымі домікамі застаецца адным з любімых месцаў аматараў старога Мінска.

Гэты раён адносіцца да самых старажытных у сталіцы — першыя пасяленні з’явіліся тут яшчэ ў XI стагоддзі.
У наступныя стагоддзі на арандаваных землях пасяліліся дробныя гандляры. Тут ўзніклі дзясяткі вытворчасцяў — шпалерная, тытунёвая, абутковая фабрыкі. Хлебакамбінат узнік значна пазней. Прадпрыемства запрацавала ў 1927 годзе, але будынкі, у якіх яно знаходзяцца, гістарычныя, яны адносяцца да XIX стагоддзя.

Цяпер старыя дамы занялі офісы і рэстараны.

За некалькі дзясяткаў метраў ад хлебазавода знаходзіцца вядомы «Ракаўскі бровар», які, дарэчы, належыць Юрыю Чыжу.

Хлебакамбінат стаў лішнім

Згодна з генеральным планам Мінска, хлебазаводы № 1 і № 2 (на Крапоткіна, 33) «не адпавядаюць патрабаванням Генеральнага плана і падлягаюць трансфармацыі відаў выкарыстання». Іншымі словамі, на іх месцы можна зрабіць што-небудзь больш патрэбнае — чарговы гатэль ці офісны цэнтр.

Умовы, якія высоўваюцца для інвестараў, гучаць сурова.
«Галоўны вытворчы корпус Хлебазавода № 1 з’яўляецца гісторыка-архітэктурным помнікам XIX ст. Галоўны вытворчы корпус Хлебазавода № 2 таксама з’яўляецца гісторыка-архітэктурнай каштоўнасцю, у ім размешчана вытворчасць, якая захоўвае традыцыі хлебапячэння ў Рэспубліцы Беларусь. Будынкі знаходзяцца пад аховай дзяржавы, не падлягаюць зносу», — такое апісанне атрымлівалі патэнцыйныя купцы, і іх імпэт згасаў.

І яшчэ адзін гатэль

Тым часам УП «Мінскграда» (майстэрня «Мінскпраекта») прыдумаў, што можна пабудаваць у Ракаўскім прадмесці.

Ідэя не была арыгінальнай — чарговы элітны гатэль.

Чытаем апісанне.

«Апартамент-гатэль «Ракаўскае прадмесце» ўключае:

— жылую частку агульнай плошчай 15 000 м² (колькасць жыльцоў 190–250 чалавек);

— блок сэрвіснага абслугоўвання агульнай плошчай 2000 м²:

— хол з рэцэпцыяй, кавярню, бар, СПА- і фітнэс-цэнтр, бізнэс-цэнтр з канферэнц-залай,

— прыёмныя пункты хімчысткі і пральні, аптэка, вузел сувязі;

— невялікі ўбудаваны дзіцячы садок;

— памяшканні «Белпрамбудбанка» 800 м².

У двух падземных узроўнях з атрыумам знаходзяцца адпачынковы цэнтр (інтэрнэт-кафэ), аўтастаянка на 300 машынамесцаў і спадарожны сэрвіс для кліентаў падземнай аўтастаянкі, а таксама рэстаран з міні-пякарняй агульнай плошчай 1000 м²».

У апісанні ўдакладняецца, што вытворчыя і складскія пабудовы, якія не ахоўваюцца дзяржавай, падлягаюць зносу, як і будынак «Белпрамбудбанка» і адміністрацыйны будынак «Мінскхлебпрама».

Такім чынам, дзяржаўныя архітэктары прапануюць усунуць пасярод нізкапавярховага — і гэтым мілага сэрцу — Ракаўскага прадмесця забаўляльны цэнтр, вышыня якога будзе вар’іравацца ад трох да сямі паверхаў! Варта ўзгадаць імёны стваральнікаў праекта. Гэта архітэктары Валянціна Прыгода, Анатоль Сярэдзіч, Уладзімір Цітоў, Вольга Філатава, інжынер Людміла Шпілеўская і дызайнерка Алена Нікіценка.

Злы геній мінскай гісторыі

Зразумела, што старыя будынкі пасярод квартала, якія ахоўваюцца дзяржавай, патэнцыйнаму інвестару «Трайплу» стаяць як костка ў горле. Вядома ж,

яны будуць псаваць хай-тэкавы рай у прадмесці.
Таму, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», «Трайпл» настойвае, каб прадстаўнікі «Мінскхлебпрама» самі звярнуліся ў Міністэрства культуры і папрасілі дазвол на роўнае руйнаванне прадпрыемства.
Чыноўнікі пакуль што нібыта ўпіраюцца, але наколькі хопіць іх сілаў, калі ўлічыць, што на супрацьлеглым баку рынга знаходзіцца Юрый Чыж?

Мільянера можна лічыць злым геніем гістарычных кварталаў Мінска. Ягоны 23-павярховы жылы комплекс «Ля Траецкага» сапсаваў выгляд аднайменнага прадмесця, цяпер, відаць, чарга дайшла і да Ракаўскага…

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч тлумачыць, што

хоць Ракаўскае прадмесце і не ўваходзіць у цэнтр горада, яно ахоўваецца заканадаўствам.
Ён спасылаецца на закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Артыкулам №29 прадугледжваецца, што «распрацоўка горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, а таксама іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якіх можа аказаць уздзеянне на гісторыка-культурныя каштоўнасці, без нанясення ўстаноўленых зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей або без іх устанаўлення забараняецца».
Ніякіх ахоўных зон пакуль не створана, а грошы інвестара падбіраюцца да Ракаўскага прадмесця ўсё бліжэй.

Атрымаць афіцыйны каментар ад «Трайпла», на жаль, не выглядае магчымым. Ранейшыя спробы камунікавання з асобай, адказнай за сувязі з прэсай, зводзілася да адпраўлення электронных лістоў. Ні на адзін з іх адказу так і не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?