Да Лігі чэмпіёнаў БАТЭ падышоў з торбай праблем. Траўмы атрымалі Радзівонаў, Юрэвіч, Паўлаў. У маскоўскае «Дынама» перайшлі Ігар Шытаў і Павел Няхайчык.

Гасцявы матч з пльзенскай «Вікторыяй» праходзіў у Празе. Бо ў Пльзені няма добрага стадыёна. Беларусы на трыбунах таксама былі. Часам нават перакрыквалі гаспадароў.

У асноўным складзе БАТЭ выйшаў серб Матэя Кежман. Праўда, адзначыцца нечым так і не ўдалося. Толькі голам з афсайда, а таксама эмацыйнымі паводзінамі.

Абедзве каманды спадзяваліся дабіцца першай перамогі ў рамках групавога этапа Лігі чэмпіёнаў. Але не атрымалася.

Беларусы ўпэўнена кантралявалі цэнтр поля ў першым тайме. Чэхі ўсім складам былі на сваёй палове поля. За хвіліну да канца адбылася футбольная класіка, калі барысаўцы ўпусцілі контратаку «Вікторыі». Ірачэк з фланга прастрэліў на славака Бакаша, якому заставалася падставіць толькі на нагу.

Гол БАТЭ нарадзіўся на тым самым фланзе. Натуралізаваны расеец Філіп Рудзік адпасаваў натуралізаванаму бразільцу Рэнану Брэсану, і той накіраваў мяч між ног варатара Чэха. Дваццаць капеек.

Гэта ўжо было ў другім тайме. Тым не менш, часу для пераможнага гола хапала. Цяжка сказаць, хто быў бліжэйшы да перамогі. Відаць, нічыя — вынік заканамерны.

У другім матчы групы «Барселона» згуляла ўнічыю з «Міланам» — 2:2. Цяпер ва ўсіх каманд па адным пункце.

Наступны матч БАТЭ правядзе дома з «Барселонай» 28 верасня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?