19.01.2007 / 08:46

Чорная аўстралійская пятніца

Вікторыя Азаранка і Настасьcя Якімава ня здолелі прабіцца ў 1/8 фіналу Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе.

У пятніцу на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе, што 15 студзеня стартаваў у Мэльбурне, прайшлі матчы трэцяга раўнду індывідуальнага разраду сярод жанчын. На жаль, беларускі выступілі няўдала.

Настасься Якімава прайграла першы сэт прадстаўнічцы Чэхіі Люцыі Сафаравай — 3:6 і адмовілася ад далейшых спаборніцтваў, а Вікторыя Азаранка саступіла 11‑й ракетцы турніру сербцы Елене Янкавіч – 3:6, 4:6.

Тым ня менш беларускі выступілі пасьпяхова на Australian Open, і гэта дазволіць ім падняцца на некалькі прыступкаў у сусьветным рэйтынгу. Так, у мінулым годзе Вікторыя Азаранка, што дэбютавала ў "дарослай сетцы" турніраў Вялікага Шлему, выбыла ўжо ў першым крузе.

Аднак беларусы не зьяжджаюць з Мэльбурну. Максім Мірны і Ёнас Б’ёркман (Швэцыя) у матчы другога раўнду згуляюць з Рубэнам Рамірэсам Ідальга (Гішпанія) / Сэрхіё Ройтманам (Аргентына). А ў міксьце Мірны і Азаранка ў першым крузе сыйдуцца з Марцінам Маткоўскім (Польшча) і Карай Блэк (Зымбабвэ).

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру