Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Абменнік «Франсабанка» на вуліцы Казлова (каля крамы «Акіян») дзякуючы фотарэпарцёрам стаў сапраўднай зоркай у часы валютнага крызісу. Шэраг банкаў ужо аб’явіў новы курс валютаў. Тут жа да абеду пакуль пануе нервовае зацішша. Заходжу ў памяшканне, каб зірнуць на табло. З зэдліка ускоквае жанчына, пытае: «Вы здаваць?» Натуральна, няма дурняў здаваць па 5000, калі праз гадзіну-другую можна будзе атрымаць удвая больш.

Але для людзей, што дзяжураць тут не першы дзень і тыдзень, гэтыя некалькі гадзін — ці не апошні шанец зарабіць на дурніцу на выпадковым замежніку.
Ці летуценным суайчынніку.

Праз дарогу аддзяленне БПС-Банка. Ён яшчэ не змяніў курс для вольнага продажу. Тут усё строга — няма ні зэдлікаў, ні сцэментаваных чаканнем валюты чэргаў. Пад табло са «старымі» яшчэ курсамі стаіць міліцыянт.

Каля абменніка «Белінвестбанка» на перасячэнні праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна таксама цішыня. Блукаючы ў пошуках іншых банкаў, сустракаю фотарэпарцёра. Той трымае фотаапарат напагатове.

«У «Беларусбанк» не пойдзем, там толькі пасля абеду нешта можа змяніцца. Гэтыя будуць чакаць да апошняга»,
— кажа жанчына сваёй сяброўцы, выходзячы з «Аграпрамбанка» на Карла Маркса. Заходжу — курс яшчэ не мянялі.

Удача ўсміхаецца на рагу Камсамольскай і Карла Маркса ў аддзяленні «ДэльтаБанка». Тут табло ўжо свеціцца абноўленым курсам. Каля акенца касы невялікая чарга. Людзі з лёгкім недаверам касавурацца на новыя лічбы. Ад касы адыходзіць мужчына. Ён разглядае грошы і квітанцыю. На твары тая самая насцярожанасць, што і ў некаторых пасажыраў метро пры выглядзе новых лавак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?