Гэты ліст даслаў у «Нашу Ніву» Уладзімір Іскрык. Пісьменнік, раней ён працаваў у структурах Адміністрацыі прэзідэнта. Гэта — яго адкрыты зварот да землякоў, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея і дзяржсакратара Рады бяспекі Леаніда Мальцава. (Мальцаў і Іскрык нарадзіліся пад Слонімам, Макей — каля Карэліч.)

Хлопцы, я вымушаны звярнуцца да вас публічна, бо вас адсеклі ад усялякае інфармацыі і завальваюць прапагандысцкім смеццем, каб не засталося часу ўсведаміць жудасць таго, дзе вы знаходзіцеся і што вас чакае. Я напісаў бы нават, каб гэта датычыла толькі кагосьці з вас асабіста, але кожная ваша памылка чыніць боль і мне, і сотням тысяч бедакоў з беларускім пашпартам.

«Пераможцы сябе так не паводзяць»

Сярод безлічы двоечнікаў і троечнікаў, што перапаўняюць уладныя структуры, вы, ды хіба яшчэ чалавекі два, маеце вышэйшую кваліфікацыю, стратэгічнае мысленне і талент.

Спадзяюся, вы прызналі выснову нашых блізкіх знаёмых, былых начальнікаў і падначаленых, калег па «вайсковай адзінцы 44388», проста нашых з вамі землякоў: «Не тую дзяржаву пабудавалі!»
Публікацыі і ацэнкі паўтузіна палкоўнікаў выведкі і контрвыведкі, у тым ліку начальніка аналітычнай службы ГРУ СССР, не могуць быць легкаважаныя. Але ж яны гавораць наступнае:
1. Перманентны ваенны стан ператвараецца ў крымінальную дзяржаўнасць.

2. Умацаванне рэпрэсіўнай вертыкалі азначае непазбежную стагнацыю грамадства, а ўлада ўспрымаецца службоўцамі як права на самадурства і зладзейства.

3. Прапаганда становіцца «пераконваннем сваіх», народ жыве ва ўласным маральна-інфармацыйным полі.

4. Улада абапіраецца на паразітычныя слаі і структуры грамадства і прыгнечвае крэатыўныя, аж да знішчэння.

Беларусь стала іншай

Склалася іншая дзяржава: з іншым народам, эканомікай, спадзяваннямі стваральных слаёў грамадства.

Вас завальваюць смеццем праблем, плётак, драбязы сельсавецкага маштабу. Чаму гэта працягваецца да сёння?
Шэленберг тлумачыў, што цішыня кабінета, дываны, вышкаленыя ад’ютанты, безумоўнае выкананне загадаў стваралі ілюзію непарушнасці ладу нават пасля рэалізацыі формулы «фюрар капут, а мы выканаўцы».

Беларусь пасля 19 снежня стала іншай дзяржавай, а пасля 19 лютага прызнана сусветнай супольнасцю як чужароднае ўтварэнне ў цывілізаванай Еўропе.

Перманентны ваенны стан

Дзяжурства і кругласутачнае патруляванне ўзброеных фарміраванняў усіх родаў і ведамстваў; кругласутачны неабмежаваны надгляд усіх грамадзянаў і памяшканняў; цэнзура сілавых структур над усімі СМІ, выразанне любое інфармацыі, не дазволенай сілавікамі; абсалютны кантроль над усімі фінансавымі аперацыямі прыватных і юрыдычных асобаў; прэвентыўныя зняволенні; кантроль і адключэнне інтэрнэту і сувязі.

Ах, як хочацца паўтарыць Леніна: «Расстраляць... заключыць у канцэнтрацыйныя лагеры ўсіх, хто думае інакш, чым мы напісалі ў нашых дэкрэтах».

Зазірніце ў свае акадэмічныя падручнікі, і вы ўбачыце, што

з моманту, калі ГРУ Беларускай вайсковай акругі перахапіла ўладу Кебіча, фактычны ваенны стан не ўведзены законна, але і не адменены.

Так кароў не пасуць

Чаму немагчыма эканамічнае развіццё?

Вы прымушаеце карову есці тую купіну, куды тыцкаеце яе пысаю. Так кароў не пасуць.

Андропаўскі парадак азначаў улік працы, замест савецкага «ў групавым сэксе можна сачкануць». Ваша ж эканоміка азначае заахвочванне нерэнтабельнай вытворчасці — прэміі за страты. Дырэктар стратнага прадпрыемства мае столькі ж, колькі кіраўнік паспяховага, плюс датацыі.

Хто з іх атрымлівае мінімалку — гадамі працуючы ва ўбытак?

Беларусь працуе на «Газпрам»

Беларусь купляла на $100 сыравіны, месяц працавала і прадавала за $80. І ўсе былі задаволеныя! Гэта не эканоміка. Гаспадар у Беларусі не мог год працаваць, каб зарабіць воз дроў на зіму. Вы — можаце. Беларусь працуе на газ? На «Газпрам»? Зарабляе на Заха­дзе мільярды і аддае Маскве!

Як вы, разведчыкі, можаце верыць зладзеям, якія вам дакладваюць «тэмпы росту»? Няўжо вы не ведаеце, што пасля 5% інфляцыі статыстыка губляе сістэмнасць?
Пасадзіце ў падвал сяго-таго з урада, з падручнікамі палітэканоміі. Удзяўбіце ім, што РФ не сусветная «супердержава», а сярэдняя рэгіянальная. Хай успомняць геаграфію: супраць каго з суседзяў можа РФ павысіць голас — Канада, ЗША, Японія, Кітай, Казахстан, Іран, Турцыя? З якога часу расейскі рубель стаў валютай, дзе ён прызнаецца?

З андропаўскага тэзіса пра зароблены рубель і дысцыпліну мы маем самадурства начальнікаў. Чаму вы не ўзялі з Андропава яго забарону будаваць АЭС пад Мінскам?

Страта кіраванасці

Карныя структуры раз­растаюцца для кантролю над працоўнымі.
Але да краху прывяло не толькі экстэнсіўнае развіццё органаў кіравання.

Вашы інструкцыі не выконваюцца ўжо ва ўрадзе. «Сілавік» адначасова высочвае, арыштоўвае, выносіць прысуд, сам яго выконвае, сам можа рэабілітаваць! Чаму адзеты як падвозчык кармоў са свінафермы можа хапаць мяне за руку і валачы ў машыну без абазначэння? Днём, у сталіцы! Хто з вас правядзе размежаванне, Лёня, Уладзімір?

Сістэма самавольства азначае страту кіраванасці ў дзяржаве.
Сілавік, парушаючы інструкцыю, робіцца вышэй за вас, прэзідэнта, караля, Бога. Адсюль: я ахоўваю прэзідэнта, мне не да злачыннасці ў раёне.

Час разабрацца з сілавікамі

Публічна было сказана пра супервыбухоўку. Яе нельга было зрабіць, не здаўшы ў акадэміі курсавую работу дыверсанта, тым больш што геній — хімік з ПТВ. Нават «лідар­профі» ці сам палкоўнік Квачкоў без лабараторнай трэніроўкі не пой­дзе на акцыю.

Хлопцы, як выбухоўка атрадаў асаблівага прызначэння ГРУ Генштаба СССР трапіла ахламонам?
Яна ж дагэтуль строга засакрэчана паводле ўліку?

Грубае, дэманстратыўнае парушэнне сілавікамі вашых інструкцый перанята бюракратыяй у форме самадурства — і вы бяссільныя, хлопцы.

Талковы тэзіс андро­паўскай дысцыпліны — сёння ў прынцыпе акцыя запалохвання бюджэтнікаў, перш за ўсё настаўнікаў, каб не скрывілі рот: чаму сёння яны маюць палову заробку ад мая 2010-га?

Я веру ў вашу прысягу

А што вы нарабілі з суверэнітэтам краіны? Крэмль гуляе ў СССР, прыдумляе міні-NATO, міні-ЕС, міні-МВФ. Ці дало гэта карысць Беларусі?

Я шукаю вам апраўданні — і не знаходжу.

Калі вы ўжо не задураны агітпрапам «светлых гарызонтаў», то ўспомніце лекцыі, дзе сённяшні зладзейскі час разглядаўся аб’ектыўна?

Час выбраць, ад каго ваш — і наш! — радавод: ад лейтэнанта­танкіста Мальцава, які на галаўным танку адкрываў у 1939 у Брэсце парад Крывашэіна—Гудэрыяна, ад генерала-гулагаўца Мальцава ці ад бухгалтара Мальцава, які імкнуўся звесці канцы з канцамі ў калгасе, у якім і я працаваў з другога класа Чамяроўскай школы, дзе і ты вучыўся, Лёня.

Чаму вы абодва не адменіце інструкцыі 30-х гадоў, паводле якіх вынішчалася беларуская мова, інтэлігенцыя?

Ведаю, што вы спецыялісты, а не агітпрапаўцы. Але ж нашто траціць больш паловы бюджэту на дэмагогію?

Паручыцель дома

Нельга перабрахаць усіх сабак на вясковай вуліцы, як спрабуе ваша прапаганда. Нельга жыць на могілках і рэанімаваць трупы, як ваша адміністрацыя і ўрад.

У вас няма грошай? Дык патрабуйце выконваць еўрапейскія правілы — і грошы будуць.
Запатрабуйце напрацоўкі, як пазбегнуць нацыянальнай катастрофы — у т.зв. апазіцыі, у тых, за кім двоечнікі ганяюцца з дубінамі, у інтэлігенцыі. Знайдзіце паручыцеля дома — і $10—12 млрд Беларусь атрымае.

Страпяніцеся, землякі!

У нас з вамі адбіралі мову ў ВНУ (у цябе, Лявоне, у СВУ). Ніхто не пытаўся, проста выбару не пакінулі. Сёння ні радыё, ні ТБ, ні кніг, ні школы — пры немцах і паляках арэал беларускай мовы быў большы. Вы ж узяліся душыць і носьбітаў.

За дзесяць гадоў ваша ідэалогія далдоніць адно і тое ж: стабільнасць, парадак на зямлі, прынцып аднаго акна — гэта мною сфармуляваныя тэзісы! Нічога новага не здолелі прыдумаць.

Сёння — поўны крах. Няўжо вы не ведаеце, што прадукцыйная палова грамадства проста не глядзіць вашага савецкага тэлебачання?
Праверце: настаўніцы газет, кніг не чытаюць, вашых каналаў не глядзяць. Тое ж у вертыкалі. Дык для каго гэта дурнота? Вас пераконваць?

Я мог бы зрабіць запіску на дзве старонкі, але з­за вашага адгароджвання ад людзей мушу публікаваць гэты ліст.

Страпяніцеся, землякі! Вакол вас не ўся спітая ідыятызаваная Беларусь. Мы зноў вучымся ў Празе, Вільні, Рыме. Нас не трэба карміць. Дайце нам працаваць.
Не заганяйце ў савецкую абшчагу і магніткі. Спыніце фінансаванне агітпрапу ўзроўню 40-х, саюзных камсамольскіх п’янак пад выглядам дыпламатыі; перайдзіце ад татальнай прапаганды да «клубнай» ідэалогіі еўрапейскай Беларусі.

Зразумейце: паводле вашых падручнікаў сітуацыя называецца: «Час паліць архівы».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0