Урад Літвы ў сераду прыняў рашэнне аб адмене консульскага збору за нацыянальныя візы для грамадзян Беларусі.

Міністэрства замежных спраў сцвярджае, што гэта дасць магчымасць беларусам падарожнічаць у спрошчаным парадку, будзе стымуляваць працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі ды спрыяць умацаванню грамадзянскай супольнасці.

Згодна з пастановай, консульскі збор за разгляд просьбы аб выдачы нацыянальнай візы спаганяцца не будзе. Зараз віза каштуе 60 еўра.

Магчымасць адмяніць збор з’явілася, калі ў мінулым месяцы літоўскі Сейм прыняў папраўкі да Закона аб консульскім зборы, што ўрад можа знізіць збор за візы або наогул не спаганяць яго не толькі на падставе парытэту, але і калі гэта неабходна для ажыццяўлення мэтаў знешняй палітыкі ці нацыянальнай бяспекі.

У гэтым выпадку гаворка ідзе пра магчымасць

не спаганяць збор за доўгатэрміновыя нацыянальныя візы, якія называюцца візамі катэгорыі D.

Яны выдаюцца, калі асоба мае намер прабыць у краіне звыш трох месяцаў за паўгода.

З такой візай абмежаваны час можна наведваць і іншыя краіны Шэнгенскай прасторы.

Бясплатныя візы змогуць атрымліваць студэнты, спартоўцы, журналісты, а таксама іншыя асобы, што працуюць,

але такія візы не будуць выдавацца, калі людзі маюць намер перасякаць мяжу ў турыстычных ці іншых кароткатэрміновых мэтах.
У такіх выпадках патрабуецца шэнгенская віза, плату за яе вызначае ЕС. Зараз яна складае 60 еўра.

Літва і Беларусь таксама плануюць у асобным парадку спрасціць перасячэнне мяжы для жыхароў прыгранічных тэрыторый. Гэтая дамоўленасць ужо ратыфікаваная, але яшчэ не скончаныя падрыхтоўчыя працы.

Прэзідэнт Даля Грыбаўскайце ў аўторак сказала, што лібералізацыя візавага рэжыму створыць для беларусаў спрыяльныя ўмовы,

каб «выехаць, параўнаць і выбраць, за дэмакратызацыю сваёй краіны яны ці не».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?