Уладальнік офіса па адрасе Крапоткіна, 93а, які арандуе Партыя БНФ, папрасіў яе вызваліць памяшканне да 1 кастрычніка. Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч.

Паводле яго слоў, уладальнік звярнуўся з просьбай «пакінуць памяшканне, таму што ён збіраецца яго прадаваць». «Такое рашэнне ён аргументаваў асабістымі прычынамі», — сказаў Янукевіч.

Згодна з законам, «дзеянне заключанага дагавора не можа быць спыненае ў тым выпадку, калі памяшканне прадаецца», падкрэсліў кіраўнік партыі і дадаў, што БНФ разлічвае «вырашыць сітуацыю тым ці іншым чынам».

«Мы працягваем плаціць арэндную плату і аплачваць камунальныя паслугі, — зазначыў Янукевіч. — Пакуль сітуацыя не вымагае ад нас ніякіх далейшых крокаў, але ў выпадку, калі ўладальнік падасць іск у суд, каб разарваць пагадненне, будзем рабіць адпаведныя крокі».

Старшыня партыі выказаў меркаванне, што ўладальнік офіса мог прыняць рашэнне не самастойна, хоць «ніякіх падстаў сцвярджаць, што гэта так, няма». «У такіх сітуацыях заўсёды цяжка разабрацца дакладна. Мы не выключаем, што могуць быць і іншыя прычыны пазіцыі ўладальніка памяшкання, звязаныя з жаданнем улад пазбавіць нас і гэтага офіса таксама. Але, паўтаруся, сёння ў нас няма ніякіх падстаў сцвярджаць, што гэта менавіта так», — рэзюмаваў Янукевіч.

Дагавор з уладальнікам офіснага памяшкання быў заключаны «на год, і ён аўтаматычна працягвае дзейнічаць, калі няма ніякіх прэтэнзій».

Нагадаем, партыя БНФ 26 ліпеня гэтага года была афіцыйна выселена з офіса па праспекце Машэрава, 8, які арандавала з 1992 года. Прэзентацыя новай штаб-кватэры па адрасе Крапоткіна, 93а, адбылася 25 жніўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?