Напярэдадні новага навучальнага года беларускія прафсаюзы выдзелілі членам сваіх арганізацый больш як 4 млрд. рублёў на падрыхтоўку дзяцей да школы.

Як паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), матэрыяльная дапамога з прафсаюзнага бюджэту выдзялялася сем’ям, што выхоўваюць дзяцей школьнага ўзросту. Апрача таго, за сродкі гэтага бюджэту набываліся школьныя прылады, падручнікі, а таксама канцылярскія тавары, адзенне і абутак.

Сума матэрыяльнай дапамогі, выдзеленая прафсаюзамі на падрыхтоўку дзяцей да школы сёлета, больш чым у 10 разоў вышэйшая за аналагічную фінансавую падтрымку, аказаную ў 2010 годзе, зазначаецца ў паведамленні прэс-службы.

«Прафсаюзы не пакінулі бацькоў сам-насам з цяжкасцямі пры падрыхтоўцы дзяцей да школы, а аказалі рэальную, адчувальную, а для многіх і адзіную ў гэты перыяд матэрыяльную падтрымку, — цытуе прэс-служба старшыню ФПБ Леаніда Козіка. — У нас ёсць прыклады, і іх нямала, калі прафсаюзныя камітэты закуплялі па паўтысячы ранцаў для дзяцей-школьнікаў усіх работнікаў, выдзялялі грошы на куплю школьнага адзення і абутку».

Асаблівую ўвагу прафсаюзныя арганізацыі надавалі «шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям», апрача таго «падшэфныя дзіцячыя сацыяльныя прытулкі і школы-інтэрнаты» таксама атрымалі матэрыяльную падтрымку.

Прэс-служба ФПБ нагадала, што дабрачынная акцыя «Прафсаюзы — дзецям» праводзіцца з лістапада 2002 года. У межах гэтага праекта «пасільная матэрыяльная дапамога» аказваецца пры «падрыхтоўцы да школы, да Дня абароны дзяцей, для правядзення навагодніх і калядных мерапрыемстваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?