Актывіст Руха «За Свабоду» асуджаны за падзеі 19 снежня Мікіта Ліхавід у сераду выйшаў на волю з наваполацкай калоніі.

«Наша Ніва»: Мікіта, калі даведаліся, што выпускаюць?

Мікіта Ліхавід: У 18:50 у камеру прыйшлі людзі, якія сказалі, што я свабодны. Праз дзесяць хвілін я ўжо быў за межамі калоніі. Апошнім часам я знаходзіўся ў памяшканні крытага тыпу.

«НН»: Вас часта змяшчалі ў штрафны ізалятар, карцар?

МЛ: Так, агулам я правёў 81 суткі. За любую нязгоду мяне могуць пакараць.

«НН»: А чаму не выконвалі патрабаванні адміністрацыі?

МЛ: Яны накіраваныя на тое, каб выпраўляць злачынцу. Я не злачынца, я — чалавек невінаваты, таму мяне і выпраўляць не трэба.

«НН»: Не баяліся, што могуць зламаць фізічна?

МЛ: Гэта такія громкія словы. Я пазнаёміўся з людзьмі, якія па 100 сутак і больш не выходзілі з ШЫЗА. У мяне дробязь.

«НН»: Што дапамагала вытрымаць?

МЛ: Вера ў сябе, што я невінаваты. Я ўжо настроіўся, што мне дадуць сем гадоў зняволення. Калі атрымаў у два разы менш, то падумаў, што гэта раз шчоўкнуць пальцамі.

«НН»: Саннікава ў калоніі бачылі?

МЛ: Бачыў у дзень яго этапу. Нават не пазнаў спачатку, вельмі стомлены быў. «Амерыка» — гэта не цукар.

«НН»: Прашэнне на імя Лукашэнкі падпісаць прапаноўвалі?

МЛ: Ад пятніцы да нядзелі штодня. І мясцовыя, і кадэбісты. Казалі, што ўсе выйдуць, а пра цябе забудуць. Сказаў, што добра, родныя ўсё адно будуць памятаць. Нічога так і не падпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?