Баранавіцкаму актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі Рыгору Грыку мясцовыя ўлады забаранілі адзіночны пікет у падтрымку палітзняволеных.
Як паведаміў БелаПАН актывіст, ён планаваў правесці акцыю пад лозунгам «За нашу і вашу свабоду» 18 верасня з 16.00 да 17.00 у вызначаным гарвыканкамам для такіх мерапрыемстваў старым парку культуры і адпачынку па вуліцы Камсамольскай. Актывіст меў намер выказаць маральную падтрымку палітычным дзеячам і грамадзянскім актывістам, асуджаным за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску, і прыцягнуць да іх увагу грамадскасці.
«У адказе, які я атрымаў 13 верасня ў гарвыканкаме, паведамляецца, што ў правядзенні пікета адмоўлена. Падстава — мая заява не адпавядае артыкулу 5 закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», — сказаў Грык. У той жа дзень ён накіраваў старшыні гарвыканкама заяву з просьбай канкрэтызаваць прычыну адмовы, бо лічыць, што ўсе неабходныя дакументы падаў своечасова і аформіў іх у адпаведнасці з патрабаваннем закона.
Паводле слоў Грыка, у ліпені і жніўні мясцовая ўлада забараніла два заяўленыя ім у парку адзіночныя пікеты «супраць беззаконнасці» з мэтай прыцягнуць увагу да невыканання чыноўнікамі законаў, што прыводзіць да парушэння правоў грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй: свабоды сходаў, права на свабоднае выказванне поглядаў, а таксама права на крытыку чыноўнікаў ва ўладзе, у тым ліку суддзяў і пракурораў.
«Адзін з пікетаў быў забаронены, таму што я не ўказаў пляцоўку, дзе будзе праходзіць акцыя. Падставай для адмовы ў правядзенні другога стала тое, што я не прыклаў да заяўкі пісьмовае абавязацельства аб заключэнні дагавораў з адпаведнымі службамі па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні, прыбіранні тэрыторыі. У заяўцы на пікет 18 верасня я ўсё гэта ўлічыў. Мне здаецца, чыноўнікі шукаюць любую зачэпку, каб забараніць непажаданыя ім акцыі», — гаворыць актывіст АГП.