19.01.2007 / 14:29

Самыя танныя прадукты ў Пінску, Століне, Гомелі і Горках

Найдаражэйшае жыцьцё ў Менску, Мазыры, Бярозе і Бабруйску.

Сярэдняя цана па рэспубліцы на ялавічыну першай катэгорыі на канец снежня 2006 года складала Br 7168 і вагалася ад Br 5390‑6600 у Пінску, Баранавічах, Століне, Лідзе, Барысаве да Br7370‑9000 у Віцебску, Мазыры, Гродне, Магілёве, Бабруйску. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Міністэрстве статыстыкі і аналізу.

Паводле даных статыстыкі, сярэдняя цана па рэспубліцы на свініну ў снежні 2006 года складала Br7503. Самыя нізкія цэны на яе былі ў Верхнядзвінску, Рагачове, Ваўкавыску, Шчучыне, Чавусах і складалі Br6550‑6890. Самая дарагая свініна ў снежні 2006 года прадавалася ў Бярозе, Жыткавічах, Беразіне, Бабруйску, Горках. Жыхары гэтых гарадоў куплялі яе па цане Br7950‑9000 за 1 кг. Гэта былі самыя высокія цэны на свініну з пачатку года, падкрэслілі ў Мінстаце.

Самыя нізкія цэны на свежую капусту ў снежні мінулага года былі ў Століне, Гомелі, Горках, Клімавічах, Чавусах і склалі Br330‑390 пры сярэдняй цане на яе ў рэспубліцы Br513. Самыя высокія цэны на капусту былі ў Бярозе, Верхнядзвінску, Мазыры, Ашмянах, Беразіне, дзе яе прадавалі па Br560‑660 за 1 кг.

Сярэдняя цана па рэспубліцы на цыбулю рэпчатую ў снежні складала Br1085. Самая танная цыбуля ў Століне, Гомелі, Мазыры, Жыткавічах, Ваўкавыску, Барысаве, дзе яе можна было набыць па Br840‑990 за 1 кг. Найбольш высокія цэны на цыбулю ў снежні мінулага года былі ў Оршы, Наваполацку, Глыбокім, Беразіне, Клімавічах, дзе цыбулю прадавалі па Br1150‑1210.

Кошт бульбы ў сярэднім па рэспубліцы ў снежні мінулага года складаў Br684. Самыя нізкія цэны на яе былі ў Пінску, Стоўбцах, Горках, Клімавічах і Чавусах, дзе яе прадавалі па Br500‑540. Найбольш высокія цэны на яе захоўваліся па‑ранейшаму ў Бярозе, Віцебску, Оршы, Верхнядзвінску, Мінску. У гэтых гарадах «другі хлеб» прадаваўся па цане Br720‑830 за 1 кг.

Сярэдняя цана на буракі па рэспубліцы складала Br669 і вагалася ад Br330‑500 у Гомелі, Стоўбцах, Беразіне, Бабруйску, Горках, Чавусах да Br740‑770 у Бярозе, Віцебску, Оршы, Мазыры, Мінску.

Нагадаем, параўнальны аналіз цэн штомесяц праводзіцца на прадпрыемствах гандлю ўсіх форм уласнасці, афіцыйных і нефармальных рынках у 31 горадзе рэспублікі. Па яго выніках, самыя нізкія цэны на асноўныя прадукты харчавання ў снежні мінулага года былі ў Пінску, Століне, Гомелі, Чавусах і Горках, а самыя высокія ‑ у Беразіне, Бярозе, Мазыры, Віцебску, Оршы, Бабруйску і Мінску.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру